Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі хочуць легалізаваць анлайн-казіно, забараніць замежныя сэрвісы


У Беларусі плянуецца блякаваць замежныя сайты з азартнымі анлайн-гульнямі, легалізаваўшы іх беларускія аналягі, паведаміў у інтэрвію карэспандэнту агенцтва «Мінск-Навіны» начальнік упраўленьня ігральнага бізнэсу Міністэрства падаткаў і збораў Беларусі Юры Пісакоў.

Паводле чыноўніка, распрацаваны праект указу, які прадугледжвае легалізацыю азартных анлайн-гульняў у Беларусі і сыстэму дзяржаўнага рэгуляваньня такой дзейнасьці на падставе ліцэнзаваньня.

Юры Пісакоў адзначае, што будзе створаны рэестар легальных інтэрнэт-рэсурсаў. Доступ да сайтаў, якія спэцыялізуюцца на арганізацыі або правядзеньні азартных гульняў у інтэрнэт-прасторы ў парушэньне патрабаваньняў заканадаўства, што рэгулюе дзейнасьць у сфэры гульнёвага бізнэсу, будзе абмежаваны.

Сярод патрабаваньняў да арганізатараў анлайн-гульняў — дапускаць да віртуальнай ігральнай установы толькі асобаў ад 21 году, своечасова выплочваць выйгрышы гульцам, рэгістраваць усе прынятыя стаўкі і выплачаныя выйгрышы ў спэцыяльнай кампутарнай касавай сыстэме і даваць доступ да свайго гульнявога парталу падатковым органам і маніторынгаваму цэнтру, а таксама шэраг іншых патрабаваньняў.

Азартныя анлайн-гульні — гэта гульні бінга, на таталізатары, у карты, у косьці, на гульнявых аўтаматах, рулеткі, слот-гульні і букмэкерскія гульні, якія праводзяцца ў рэжыме анлайн у інтэрнэце.

Паводле Юрыя Пісакова, цяпер у Беларусі з выкарыстаньнем інтэрнэту ажыцьцяўляюцца толькі букмэкерскія гульні, якія карыстаюцца вялікім попытам у грамадзян.

Законапраект прадугледжвае паніжаны падатак у памеры 4% для юрыдычных і фізічных асобаў, які мусіць спаганяцца толькі пры зняцці грошай з гульнявога рахунка. Цяпер тыя, хто гуляе на замежных сайтах, плацяць падаходны падатак у памеры 13%.

Да 24 верасьня працягнецца грамадзкае абмеркаваньне законапраекта, пасьля чаго дакумэнт будзе перададзены на разгляд дзяржорганаў, а затым накіраваны ва ўрад.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG