Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўнг Сан Су Чы заявіла аб парушэньнях правоў чалавека ў Мʼянме


Аўн Сан Су Чжы

Аўнг Сан Су Чы, нобэлеўская ляўрэатка і адна з найвышэйшых кіраўнікоў Мʼянмы, упершыню выступіла з заявамі ў сувязі з уцёкамі сотняў тысяч мусульман у суседні Банглядэш. Яна асудзіла парушэньні правоў чалавека і паабяцала, што вінаватыя будуць прыцягнутыя да суду.

Аднак Аўнг Сан Су Чы не адказала на абвінавачваньні ААН на адрас кіраўніцтва Мʼянмы. У ААН дзеяньні арміі Мʼянмы былі названыя клясычным прыкладам этнічных чыстак.

Да гэтага часу Аўнг Сан Су Чы ня заяўляла пра сваю афіцыйную пазыцыю ў сувязі з крызісам. Гэта выклікалі крытыку з боку сусьветных лідэраў.

Абвастрэньне сытуацыі на захадзе Мʼянмы вакол мусульманаў-рагінг’я пачалося ў канцы жніўня. Тады атрады паўстанцаў рагінг’я ўчынілі некалькі нападаў. Армія Мʼянмы адказала масіраваным ударам у адказ. Паведамлялася аб спаленых вёсках і забойствах.

Сёньняшняя заява Аўнг Сан Су Чы была зробленая на ангельскай мове. Гэта азначае, што яе словы былі зьвернутыя галоўным чынам да міжнароднай аўдыторыі.

Рэгіянальны дырэктар Amnesty International па Паўднёва-Усходняй Азіі Джэймс Гомэс заявіў, што Аўнг Сан Су Чы і яе ўрад надалей хаваюць галаву ў пясок, не зважаючы на жахі, якія тварыліся на захадзе Мʼянмы.

Прадстаўнік іншай міжнароднай праваабарончай арганізацыі, Human Rights Watch, Філ Робэртсан, выказаў недавер да словаў лідэра Мʼянмы. «Калі праўда, што ваенныя апэрацыі спыніліся 5 верасьня, як сьцьвярджае Аўнг Сан Су Чы, то хто ж працягваў спальваць вёскі мусульманаў апошнія два тыдні?» — пытаецца праваабаронца.

XS
SM
MD
LG