Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саакашвілі абяцае прывесьці ў Вярхоўную Раду «300 спартанцаў»


Міхэіл Саакашвілі выступае каля будынку адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны, Кіеў, 19 верасьня 2017
Міхэіл Саакашвілі выступае каля будынку адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны, Кіеў, 19 верасьня 2017

Сёньня былы прэзыдэнт Грузіі і губэрнатар Адэскай вобласьці, лідэр украінскага «Руху новых сілаў» Міхэіл Саакашвілі прыехаў у Кіеў, дзе правёў брыфінг для журналістаў каля будынку адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны. Пра гэта паведамляе «Украінская праўда».

«У нас ёсьць канкрэтная праграма. Мы зьбяром 300 нармальных „спартанцаў“- дэпутатаў, якія будуць мець большасьць у Вярхоўнай Радзе, якія падпішуць пагадненьне з народам, яны там толькі на адну кадэнцыю, зробяць рэформу — і пойдуць з палітыкі», — заявіў Саакашвілі.

Лідэр «Руху новых сілаў» паведаміў, што ён не плянуе заставацца надоўга ў Кіеве.

Саакашвілі запэўніў, што не прэтэндуе на ўладныя кабінэты: «Мне пасады не патрэбныя. Я меў розныя пасады, розныя прапановы ад Парашэнкі. Я ад іх адмовіўся. Я адмовіўся ад прэмʼерства мінімум два ці тры разы. Я не хацеў быць проста для піяру». Саакашвілі зноў запэўніў, што ў яго няма асабістага канфлікту з дзейным прэзыдэнтам Украіны, але той яго баіцца.

Міхаіл Саакашвілі лічыць, што цяпер рэвалюцыйная зьмена ўлады ва Ўкраіне немагчымая. На яго думку, Майдан ня можа паўтарыцца, таму што «у барыгаў няма хлопчыкаў, гатовых пайсьці пад кулі», як было за часамі Віктара Януковіча.

«Забудзьцеся слова "бунт". Ніякія рэвалюцыі Ўкраіне цяпер не патрэбныя. Ніякія сутыкненьні не патрэбныя. Украіне патрэбная спакойная сіла народу, якія вельмі спакойна скажуць гэтай уладзе: «Нас шмат, нас не пераадолець — і ў нас ёсьць вельмі сурʼёзныя патрабаваньні да вас», — заявіў ён.

«Ёсьць пытаньні недатыкальнасьці, імпічмэнту, выбарчага закону. Калі яны гэта вырашаць — якая праблема? Калі яны ня будуць гэта вырашаць, народ вырашыць сам. На мяжы народ вырашыў, што я павінен быць ва Ўкраіне — гэтак жа ён вырашыць і з гэтым», — сказаў ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG