Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як распазнаць шпіёна і зразумець, што вас вэрбуюць. Мэтадычка латвійскай спэцслужбы


Паліцыя бясьпекі Латвіі ўпершыню апублікавала інструкцыю для барацьбы з вэрбаваньнем і шпіёнамі. Дакумэнт прызначаны муніцыпальным і дзяржаўным службоўцам.

У ім тлумачыцца, якая інфармацыя можа зацікавіць замежныя спэцслужбы, як распазнаць прыкметы вэрбаваньня і зразумець, што чалавек працуе на замежны ўрад.

Каму трэба баяцца

«Дзяржаўныя і мясцовыя службоўцы — гэта адна з самых каштоўных крыніц інфармацыі», гаворыцца ў інструкцыі. Шпіёнаў могуць цікавіць ня толькі дзяржаўныя таямніцы, але і рутынная інфармацыя пра працу дзяржорганаў. Таму пад пагрозай вэрбаваньня знаходзяцца ўсе служачыя, незалежна ад пасады.

Што менавіта могуць выведваць шпіёны:

— Інфармацыю, прызначаную для службовага карыстаньня;

— Зьвесткі пра працу зь іншымі дзяржорганамі, замежнымі арганізацыямі, падрадчыкамі і некамэрцыйнымі структурамі;

— Чарнавікі законаў, праекты, пляны рэформаў, дакумэнты ўнутранага плянаваньня і г.д.;

— Асабістыя зьвесткі, прафэсійная падрыхтоўка, тэхнічнае абсталяваньне;

— Меры бясьпекі ў арганізацыі;

— Усемагчымая кампрамэтуючая інфармацыя — унутраныя канфлікты, нэгатыўныя рысы характару, незадаволенасьць працай.

Дзе можна сустрэць шпіёна

На думку латвійскай паліцыі бясьпекі, спэцыялісты замежных разьведак могуць выдаваць сябе за дыпляматаў, супрацоўнікаў дзяржаўных і муніцыпальных устаноў, работнікаў праваахоўных органаў, прадпрымальнікаў, журналістаў, «і гэтак далей».

Шпіёны ўсталёўваюць кантакты, выкарыстоўваючы міжнародныя мерапрыемствы, напрыклад, канфэрэнцыі або сэмінары), празь нефармальныя сустрэчы, праз сваякоў, сяброў і знаёмых у іншых краінах.

Асобным пунктам ідзе папярэджаньне, што ў чужой краіне ахвяру вэрбаваньня могуць абвінаваціць у парушэньні законаў (напрыклад, няправільна запоўненыя дакумэнты ці ўваход на закрытую тэрыторыю). Такія сытуацыі могуць быць правакацыяй, гаворыцца ў дакумэнце.

Падазроныя паводзіны

Ня кожная размова абавязкова вядзе да вэрбаваньня, гаворыцца ў інструкцыі. Шпіён можа проста выведаць важную інфармацыю.

Паліцыя бясьпекі пералічвае прыкметы вэрбаваньня:

— фамільярнае адносіны, імкненьне перайсьці да нефармальнай размовы;

— даданьне ў сябры ў сацыяльных сетках;

— спробы выклікаць рэакцыю ў размовах на палітычныя тэмы, пра каштоўнасьці, прафэсійныя навыкі і пра іншыя асабістыя пытаньні;

— гутаркі на тэмы рабочых абавязкаў і месцаў службы.

Агенты спэцслужбаў могуць прапаноўваць сустрэчы ў нефармальнай абстаноўцы і абяцаць дапамогу ў абмен на выкананьне іх просьбаў, гаворыцца ў мэтадычцы.

У выпадку, калі грамадзянін стаў абʼектам вэрбаваньня, Паліцыя бясьпекі рэкамэндуе ўхіляцца ад далейшых кантактаў і зьвярнуцца ў праваахоўныя органы.

У мэтадычцы агаворваецца, што завэрбаваны можа пагадзіцца на супрацу з замежнай выведкай у крытычнай сытуацыі — напрыклад, пад пагрозай арышту або пры ціску на чальцоў сямʼі, але рабіць гэта можна толькі пад кантролем Паліцыі бясьпекі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG