Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Швэцыя пачала найбуйнейшыя вайсковыя вучэньні адначасова з «Захадам-2017»


Найбуйнейшыя за апошнія 23 гады швэдзкія вайсковыя вучэньні «Аўрора» праводзяцца пры падтрымцы НАТО, сама краіна членам альянсу не зьяўляецца.

Манэўры пачаліся амаль адначасова з расейска-беларускімі вучэньнямі «Захад-2017», што выклікалі трывогу ў краінах Усходняй Эўропы.

«Сытуацыя зь бясьпекай у рэгіёне пагоршылася», — пракамэнтаваў пачатак манэўраў камандуючы швэдзкай арміі Мікаэль Бідэн.

Як адзначае агенцтва Ройтэрз, цягам апошніх гадоў Швэцыя скарачала выдаткі на абарону, а ў сакавіку сёлета ў краіне зноў увялі вайсковы прызыў.

«Гэтыя манэўры — важны сыгнал у сфэры абарончай палітыкі. Яны дапамогуць нам засьцерагчыся ад розных інцыдэнтаў і больш дакладна ацаніць нашу абараназдольнасьць», — цытуе швэдзкае выданьне The Local заяву міністра абароны Швэцыі Пэтэра Хультквіста.

Акрамя швэдзкай арміі ў вучэньнях бяруць удзел вайскоўцы з ЗША, Францыі, Нарвэгіі і іншых краінаў НАТО. Раней у НАТО заяўлялі, што манэўры не зьяўляюцца адказам на расейска-беларускія вучэньні «Захад-2017».

Вучэньні працягнуцца тры тыдні. У іх бяруць удзел 19 тысяч вайскоўцаў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG