Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шнобэлеўскую прэмію ў фізыцы далі за доказ, што каты — і цьвёрдыя, і вадкія адначасова


У Гарвардзкім унівэрсытэце адбылася 27-я цырымонія ўручэньня Шнобэлеўскіх прэміяў. 10 узнагародаў атрымалі навукоўцы, што зрабілі адкрыцьці, якія «спачатку прымусілі людзей сьмяяцца, а затым — задумацца».

На прамову кожнаму ляўрэату Шнобэлеўскай прэміі адвялі 60 сэкундаў. Па заканчэньні гэтага часу васьмігадовая дзяўчынка паўтарала: «Калі ласка, досыць. Мне сумна», — да таго часу, пакуль ляўрэат не сьціхаў.

Прыводзім поўны сьпіс усіх ляўрэатаў прэміі 2017 году:

  • Шнобэлеўскую прэмію па фізыцы ўручылі фізыку Марку-Антуану Фардыну за працу «Аб рэалёгіі катоў». Вучоны даказаў, што прадстаўнікі сямейства каціных могуць выходзіць «за рамкі звычайных фізычных межаў». Як сьцьвярджалася ў яго тэарэтычным трактаце, каты «тэхнічна» могуць адначасова лічыцца і цьвёрдымі, і вадкімі дзякуючы іх «звышнатуральнай здольнасьці» прымаць форму ёмістасьці, у якой яны знаходзяцца. Пры гэтым больш дарослыя каты, як адзначаў вучоны, «расьцякаюцца» хутчэй, чым кацяняты.
  • Прэмія міру дасталася швайцарскай камандзе навукоўцаў, якія высьветлілі, што гра на музычнай духавой прыладзе абарыгенаў Аўстраліі — дыджэрыду — памяншае храп. Па словах доктара Майла П'юэна зь ўнівэрсытэту Цюрыху, гэта можна растлумачыць тым, што граньне на дыджэрыду значна ўмацоўвае верхнія дыхальныя шляхі.
Гра на дыджэрыду
Гра на дыджэрыду
  • Узнагароду па эканоміцы ўручылі аўстралійцам Мэт'ю Роклафу і Нэнсі Грыр, якія высьветлілі, што гульцы ў казыно схільныя рабіць вышэйшыя стаўкі пасьля таго, як патрымаюць у руках кракадзіла або ўсякую іншую небясьпечную жывёліну. Паводле навукоўцаў, мозак у такім выпадку памылкова ўспрымае нэрвовае ўзбуджэньне ад усьведамленьня таго, што чалавек трымае драпежніка, як сыгнал, які сьведчыць, што гульцу шанцуе і ён можа разьлічваць на буйны прыз.
  • Шнобэлеўскую прэмію ў анатоміі ўручылі брытанцу Джэймсу Гіткоўту, які даказаў, што вушы чалавека пасьля 30 гадоў жыцьця пачынаюць павялічвацца ў памерах прыкладна на 2 мм кожнае дзесяцігодзьдзе.
  • Прэмію ў галіне мэдыцыны атрымалі францускія нэўрабіёлягі, якія даказалі, што ў мозгу ў некаторых людзей ёсьць зона, якая
    Шнобэлеўскую прэмію міру ў 2013 годзе прысудзілі Аляксандру Лукашэнку за забарону маўклівых акцыяў пратэсту і штраф аднарукаму інваліду за воплескі.
    адказвае за агіду да сыру. Удзельнікам экспэрымэнту, якія ляжалі ў МРТ-сканэры, давалі панюхаць чэдар, казіны сыр і швайцарскі „Груер“. Паводле вынікаў дасьледаваньня у мозгу была вызначаная зона, званая «базальнымі гангліямі», якая ёсьць «нэрвовым эпіцэнтрам агіды да сыру».
  • Прэмію ў галіне кагнітыўных навук прысудзілі групе італьянскіх навукоўцаў, якія высьветлілі, што моназыготныя двайняты не заўсёды могуць зразумець, хто зь іх выяўлены на фота. Яны мяркуюць, што гэта можа ўплываць на меркаваньні двайнят пра сябе і навакольных.
  • Прэмію ў біялёгіі ўручылі дасьледнікам пытаньня, чаму у самак пячорных кузурак зьявіліся пэнісы, а ў самцоў — вагіны.
  • Прэмія ў акушэрстве дасталася навукоўцам, якія давялі, што плод больш актыўна рэагуе на музыку, калі прайграваць яе ў похве маці, а не ля паверхні жывата.
  • Прэмію ў гідрадынаміцы атрымала каманда, якая знайшла ўнівэрсальны спосаб несьці кубачак, каб не праліць каву. Навукоўцы высьветлілі, што лепш за ўсё абхапіць кубак далоньню зьверху і ісьці задам наперад.
  • Прэмія ў галіне харчаваньня дасталася навукоўцам, якія ўпершыню выявілі, што невялікія кажаны — махнаногія вампіры — ня супраць паспытаць чалавечай крыві. Гэты невялікі кажан сілкуецца ў асноўным крывёю птушак, часам можа нападаць на капытных.

Кожны пераможца атрымаў узнагароду 10 трлн зімбабвійскіх даляраў.

Шнобэлеўскую прэмію ў 1991 годзе заснаваў часопіс «Аналы неверагодных дасьледаваньняў». З 1999 года прэмія ўручаецца ў 10 галінах, частка намінацыяў супадае з Нобэлеўскімі, тыя, што засталіся, засноўваюцца штогод асобна. Узнагароды пераможцам звычайна ўручаюць нобэлеўскія ляўрэаты розных гадоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG