Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Грузія змагалася з карупцыяй, але не да канца яе перамагла. Чаму не спрацавалі рэцэпты Саакашвілі


У 2003 годзе Грузія была на 127 месцы са 176 у Індэксе ўспрыманьня карупцыі Transparency Int. Летась яна заняла 44-ы радок.

За некалькі гадоў улады вырашылі праблему хабараў: ні паліцыянты, ні чыноўнікі, ні лекары іх не бяруць. Няма ў краіне і «блату». Але карупцыю на самым версе зьнішчыць не ўдалося.

Сытуацыя ў Грузіі да пачатку рэформаў сярэдзіны нулявых вельмі нагадвала тое, што сёньня адбываецца ва Ўкраіне. Пры дапамозе роднасных сувязяў, знаёмстваў і хабараў можна было «вырашыць» практычна любое пытаньне. Але маладым палітыкам, якія прыйшлі да ўлады пасьля «Рэвалюцыі ружаў», спатрэбілася ўсяго некалькі гадоў, каб карэнным чынам зьмяніць становішча.

У мінулым годзе Грузія заняла ў рэйтынгу 44-ы радок, паказаўшы найлепшы вынік за апошнія пяць гадоў і абагнаўшы такія краіны, як Італія, Румынія, Грэцыя, Чэхія і Славаччына. Паводле ацэнак і экспэртаў, і мясцовых жыхароў, краіна практычна пазбавілася ад карупцыі на нізавым узроўні.

Што ж менавіта адбылося?

Грузінскія рэфарматары, па сутнасьці, нічога новага не вынайшлі. Проста далі зразумець чыноўнікам, і ня толькі ім: альбо карʼерны рост і высокія зарплаты, альбо суровае пакараньне, патураньняў не будзе.

У наступныя некалькі гадоў у Грузіі прайшло шмат паказальных працэсаў, фігурантамі якіх былі чыноўнікі, злоўленыя на хабарах. Прычым памер гэтых хабараў значэньня ня меў. Напрыклад, на экс-супрацоўніка мэрыі Тбілісі і былога кіраўніка моладзевага крыла кіруючай партыі «Грузінская мара» Атара Абэсадзэ завялі справу за атрыманьне хабару ўсяго толькі ў 3 тысячы даляраў: яму пагражае да дзевяці гадоў турмы.

«Чалавеку, каб ён ня краў, трэба, па-першае, даць доўгатэрміновую ідэю: дзеля чаго ён павінен служыць краіне. І даць два асноўных стымулы: біялягічны і матэрыяльны, — тлумачыць палітоляг Гія Хухашвілі — Матэрыяльны стымул — гэта больш-менш нармальная зарплата. Біялягічны стымул — гэта страх перад стратай працы».

Па словах палітоляга, менавіта такую камбінацыю ў сярэдзіне нулявое ўзяў на ўзбраеньне экс-прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі. Пазьней камбінацыя ператварыліся ў хай не зусім ідэальную, але ўстойлівую сыстэму, якая ў Грузіі працуе да гэтага часу. Зрэшты, цяпер, па словах Хухашвілі, паўсталі рызыкі, якія могуць яе пахіснуць.

«Сыстэмнага адкату пакуль не адбылося, але дынаміка руху, вядома ж, насьцярожвае, — кажа палітоляг — Колькасьць карупцыйных завязак павялічыліся: Яны і тады былі, мы заўсёды казалі пра элітарную карупцыю, пра нейкія бізнэс-інтарэсы. Але гэта ўсё было пад высокім кантролем. Але цяпер такія „завязкі“ людзі пачалі зноў вырашаць і на мясцовых узроўнях ».

Палітоляг Ніка Чытадзэ пацьвярджае, што перамагчы карупцыю як сыстэму на нізавым узроўні ў Грузіі ўсё ж такі ўдалося. Тыя ж паліцэйскія і лекары па-ранейшаму не бяруць хабараў, нельга «пакласьці ў кішэню» судзьдзі ці чыноўніку, на ніжэйшым і сярэднім узроўні ў Грузіі няма «блату» і «дамоваў».

З гэтым згаджаюцца і жыхары краіны.

«Напэўна, нейкія факты карупцыі маюцца. Няма такіх краін, дзе б яе не было. Але сам я з падобным даўно не сутыкаўся.»., — заўважае жыхар Тбілісі.

«Дзяржава змагла перамагчы карупцыю, як і крымінал. Вунь, машыны пакідаем без нагляду. Думаю, тут справа ў страху перад непазьбежным пакараньнем.» — згаджаецца зь ім Гурам.

«Не магу сказаць, што карупцыя — гэта вялікая праблема, але тым ня менш, пэўныя факты маюцца. Але мы змагаемся, і спадзяюся, канчаткова яе выкарчуем.», — упэўненая Марэхі з Тбілісі.

Чытадзэ праблему бачыць у іншым: у тым, што карупцыйныя сувязі засталіся на самым версе грузінскай улады:

«У шмат якіх міністэрствах адсутнічала празрыстасьць падчас конкурсаў і падбору кадраў. Гэта было і падчас папярэдніх уладаў, гэта ёсьць і пры цяперашняй уладзе, на жаль. Гэта нэпатызм, калі асабістыя кантакты гралі вырашальную ролю. Гэтая праблема існуе ў Грузіі, і гэта вялікая праблема », — прызнае ён.

XS
SM
MD
LG