Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка пра тое, каго „нахіліць“, каму зьняць галаву, што шукаць пад зямлёй і пра жонак дыпляматаў


Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка зрабіў шэраг заяваў падчас вырашэньня кадравых пытаньняў 14 верасьня.

Узгадняючы прызначэньне новых кіраўнікоў мясцовай вэртыкалі, ён сказаў, што «дармаедзкі» дэкрэт № 3 ніхто не адмяняў:

«Гэта будзе ваш дакумэнт. Вы на месцы павінны вызначыць, хто ў вас не працуе, а павінен працаваць, і прымусіць іх усіх працаваць. У гэтым будзе асноўная сутнасьць дакумэнту. Ня зь Менску трэба кіраваць гэтымі працэсамі».

«Вы павінны зь імі разабрацца. Вось і ўсё вырашэньне пытаньня. Тады яны ня будуць хадзіць і крычаць „гвалт“. Камусьці трэба дапамагчы, кагосьці трэба за руку прывесьці на працу, кагосьці перапрафіляваць, навучыць новым спэцыяльнасьцям, а некага проста „нахіліць“. Вы ведаеце, што гэта за беспрацоўныя, што гэта за кантынгент, я таксама ведаю, памятаю яшчэ з тых савецкіх часоў».

Таксама кіраўнік дзяржавы выказаўся пра неабходнасьць кантролю цэнаўтварэньня:

«Вы папярэдзьце ўсіх, хто ў вас займаецца продажамі, а потым, атрымаўшы інфармацыю, праверце і зьніміце камусьці галаву, калі ён неабгрунтавана задзірае цэны».

Лукашэнка даў таксама даручэньне новаму міністру прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Андрэю Худыку:

«Былому міністру была пастаўлена вельмі сур’ёзная задача наконт прыродных рэсурсаў. Што мы ведаем пра нашу краіну? Тое, што на паверхні, мы гэта бачым. А вось што там — пад зямлёй — ня ўсе. Таму ваша задача — разабрацца, што там, пад зямлёй. І перш за ўсё тое, што нам вельмі неабходна сёньня. Разумееце, пра што ідзе гаворка».

Лукашэнка раскрытыкаваў якасьць прагнозаў надвор’я. «Іхныя прагнозы часам ня тое што чытаць... Часам, прачытаўшы, хочацца, каб наагул нічога там не прагназавалі».

Паводле Лукашэнкі, кіраўніцтва адміністрацыі прэзыдэнта павінна пракантраляваць, як МЗС аптымізаваў працу амбасадаў.

«А так у нас раскідана, і незразумела, хто там сядзіць. Калі пачынаем правяраць, дзіву даесься: людзі ад нашых буйных заводаў і кампаніяў зьяўляюцца там прадстаўнікамі, а ні чорта не робяць, сядзяць, атрымліваючы прыстойныя грошы. Хто іх кантралюе? Ды ніхто. Амбсадар там — галава ўсяму, ён павінен усіх бачыць. І аптымізаваць такім чынам, каб выдаткі былі меншыя. Гэтая задача ставілася, трэба праверыць, як яна выканана».

«Ня можам мы адкрыць — і ня трэба — велізарнае пасольства на Філіпінах ці ў Малайзіі, але калі ў нас ёсьць цікавасьць, няхай там будзе амбасадар і памочнік, няхай яны здымуць 10-12 мэтраў. Але ўжо бірка, якая вісіць у яго на грудзях, што ён амбасадар, адчыняе дзьверы для ўсіх. Ня трэба ствараць амбасады, як мы прывыклі, па 15 дыпляматаў, а потым жонак працаўладкоўваць бухгальтарамі і прыбіральніцамі. Два чалавекі — пасол і памочнік, але тыя, што ведаюць мову».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG