Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асуджаны ў Азэрбайджане блогер вылецеў у Ізраіль


Блогер Аляксандар Лапшын

Блогер Аляксандр Лапшын, грамадзянін Расеі і Ізраілю, пакінуў Азэрбайджан. Ён разам з маці вылецеў у Ізраіль.

Аляксандра Лапшына, якога ў ліпені суд у Баку прысудзіў да трох гадоў пазбаўленьня волі за паездку ў Нагорны Карабах, 11 верасьня памілаваў прэзыдэнт Азэрбайджану.

На судзе блогер віны не прызнаў, заявіў аднак, што ня будзе абскарджваць прысуд, і мае намер дамагацца экстрадыцыі ў Ізраіль.

Аляксандра Лапшына затрымалі ў Менску ў сьнежні 2016 году і па запыце Баку экстрадавалі ў Азэрбайджан. Пасьля гэтага прэзыдэнт Азэрбайджана Ільхам Аліеў асабіста падзякаваў прэзыдэнту Беларусі Аляксандра Лукашэнку за «дэманстрацыю справядлівай пазыцыі і рашучага кроку». Супраць выдачы блогера выступалі ўлады Расеі, Ізраілю і Армэніі.

Лапшына прызналі вінаватым у незаконным перасячэньні дзяржаўнай мяжы (за паездкі ў Нагорны Карабах) і ў адкрытых закліках, накіраваных супраць дзяржавы (за выказваньні ў падтрымку незалежнасьці рэгіёну). Абвінавачаньне патрабавала для блогера 6,5 гадоў турмы. Блогер сваёй віны не прызнаваў.

Лапшын напісаў некалькі рэзкіх пастоў пра Азэрбайджан. Пасьля іх і паездкі ў Нагорны Карабах, які Азэрбайджан лічыць сваёй тэрыторыяй, акупаванай Армэніяй, Лапшына ўключылі ў «чорны сьпіс» у гэтай краіне. Такім асобам ўезд у Азэрбайджан забаронены. Але Лапшын ўсё-ткі здолеў ўехаць у Азэрбайджан праз Грузію па ўкраінскім пашпарце, у якім яго імя «Аляксандар» было напісана як «Олександр», а пазьней пахваліўся гэтым у сваім блогу. Азэрбайджан у адказ абвясьціў блогера ў міжнародны вышук за парушэньне правілаў ўезду.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG