Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы патрабуюць адмяніць рашэньне аб пазбаўленьні ліцэнзіі адвакаткі Ганны Бахціной


Адвакатка Ганна Бахціна падчас суду па справе Эдуарда Пальчыса

Беларускія праваабарончыя арганізацыі запатрабавалі спыніць умяшаньне дзяржаўных органаў у дзейнасьць адвакатуры.

Яны патрабуюць адмяніць рашэньне аб пазбаўленьні ліцэнзіі адвакаткі Ганны Бахціной. Пра гэта гаворыцца ў адмысловай заяве, якую падпісалі 11 праваабарончых арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтар «Вясна», Беларускі Хэльсынскі камітэт, Беларуская асацыяцыя журналістаў і іншыя.

Праваабаронцы патрабуюць ад беларускіх уладаў:

  • неадкладна спыніць умяшаньне дзяржаўных органаў у дзейнасьць адвакатуры і забясьпечыць яе незалежнасьць на заканадаўчым узроўні шляхам унясеньня адпаведных зьменаў у дзейнае заканадаўства;
  • спыніць ціск на адвакатаў, якія ажыцьцяўляюць абарону фігурантаў палітычна матываваных спраў і спраў, зьвязаных з адстойваньнем правоў чалавека;
  • адмяніць адпаведнае рашэньне кваліфікацыйнай камісіі Мін'юста, якое зьяўляецца перашкодай у ажыцьцяўленьні прафэсійнай адвакацкай дзейнасьці Ганнай Бахціной.

Менскую гарадзкую калегію адвакатаў яны просяць не прымаць рашэньне аб адлічэньні Ганны Бахціной са складу калегіі.

У заяве адзначаецца, што Міністэрства юстыцыі Беларусі праводзіла праверку шэрагу адвакатаў Менскай гарадзкой і Магілёўскай абласной калегіяў адвакатаў. Па яе выніках была прызначаная пазачарговая атэстацыя, у тым ліку ня менш як 21 асобы зь Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў.

«Акрамя таго, каля 60 адвакатаў чакае чарговая пераатэстацыя, якая ладзіцца раз на пяць гадоў. Яны будуць праходзіць тэст на прафпрыдатнасьць у калегіях адвакатаў. Аднак існуе яшчэ сьпіс з васьмі абаронцаў, пераатэстацыю якіх у лістападзе гэтага году будзе праводзіць непасрэдна Кваліфікацыйная камісія Міністэрства юстыцыі», — гаворыцца ў заяве.

Праваабаронцы неаднаразова выказвалі сваю занепакоенасьць тым, што дзяржаўныя органы ўмешваюцца ў дзейнасьць адвакатуры.

Яны выступалі ў абарону адвакатаў, якія былі пазбаўленыя права займацца прафэсійнай дзейнасьцю «выключна ў сувязі зь іх удзелам у якасьці абаронцаў у палітычна матываваных крымінальных справах».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG