Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сотні тысячаў французаў пратэстуюць супраць рэформаў Макрона


Сутыкненьні пратэстоўцаў з паліцыяй, Францыя, Ліён, травень 2016
Сутыкненьні пратэстоўцаў з паліцыяй, Францыя, Ліён, травень 2016

12 верасьня ў Францыі абвешчаны першы дзень агульнанацыянальнага пратэсту супраць палітыкі прэзыдэнта Эманюэля Макрона. Нагодай да сёньняшніх страйкаў і дэманстрацыяў стала рэформа Працоўнага кодэксу, абвешчаная 31 жніўня.

На заклік найбуйнейшага францускага прафсаюзу CGT у краіне праходзіць каля 200 маніфэстацыяў, 4 000 папярэджаньняў пра страйкі абвешчаныя амаль ва ўсіх галінах эканомікі. Пра гэта паведамляе Radio France Internationale.

Папярэджаньні пра забастоўкі абвешчаныя на транспарце, на прадпрыемствах энэргетычнага сэктару, у нафтавай галіне, у СМІ, а таксама ў дзяржаўных і навучальных установах.

Нацыянальная чыгуначная кампанія SNCF паведаміла, што ў парыскім рэгіёне рух прыгарадных цягнікоў у гэты аўторак забясьпечаны толькі на 50-80%.

Дэталі новай рэформы працоўнага заканадаўства былі абвешчаныя 31 жніўня. Зь меркаваньняў хуткасьці і эфэктыўнасьці прэзыдэнт вырашыў зьмяніць Працоўны кодэкс не законам, які павінен прайсьці абмеркаваньне ў парлямэнце, а ўказамі ўраду.

Рэформа Макрона прадугледжвае далейшую лібэралізацыю рынку працы. Новыя меры павялічваюць колькасьць пытаньняў, якія будуць рэгулявацца не законам, а калектыўнымі дамовамі на прадпрыемствах і ў галінах эканомікі. Мэта рэформы — зрабіць рынак працы больш гнуткім, каб дамагчыся зьніжэньня хранічна высокага беспрацоўя, якое складае 9,5% працаздольнага насельніцтва (пры сярэднеэўрапейскім паказчыку 7,8%).

Праціўнікі рэформы працоўнага заканадаўства лічаць, што зьмены не прывядуць да стварэньня вялікай колькасьці новых працоўных месцаў, а толькі ўзмоцняць нестабільнасьць на рынку працы.

Паводле апошніх апытаньняў да 57% французаў падтрымліваюць страйк, абвешчаны 12 верасьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG