Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вас сустрэне, дапытае і расстраляе асабіста Фэл Эдм: мой бізнэс-плян для Дзяржынава


Калі мае амэрыканскія сябры дазналіся, што ў Беларусі ёсьць музэй заснавальніка савецкіх спэцслужбаў, то зь іхных вачэй я адразу зразумеў — давядзецца ехаць. Ніякіх замкаў і палацаў, толькі Дзяржынава.

Вочы супрацоўнікаў музэю гарэлі ня менш за нашыя. Па-за маладымі кадрамі КГБ, якія прымаюць там прысягу, музэй Фэлікса Дзяржынскага наўрад ці пакутуе ад наплыву наведнікаў. Спачатку нас доўга праводзіў позіркам ахоўнік, як гэрой вэстэрну праводзіць чужынцаў у салуне Дзікага Захаду. Прывітаць нас выйшаў нават сам «храніцель калекцыі», адстаўны і ветлівы КГБіст, які і на пэнсіі вырашыў дыхаць чэкісцкім паветрам, таму і купіў сабе лецішча непадалёк ад вотчыны свайго патрона. Вось яно, гарачае сэрца чэкіста.

Цэнзура ў музэі Дзяржынскага

Мілы музэй, чысьценькі, дагледжаны. Гід — прыемны мясцовы дзядзька. Ён сумленна адпрацаваў амаль паўтары гадзіны, правёўшы нас прасторнымі і багатымі пакоямі сядзібы будучага змагара з буржуазіяй. Мы дазналіся пра Дзяржынскага ўсё — з дэталямі, жэстыкуляцыяй, мімікай, уключна са сцэнай сардэчнага прыступу ў Крамлі. У Купалаўскім пазайздросьцілі б. Але не пачулі мы адной дэталі, празь якую, уласна, і прыехалі мае заакіянскія госьці, — пра «чырвоны тэрор». Ані слова. Нібыта Дзяржынскі нарадзіўся і з калыскі адразу за плуг — ратаваць бяздомных дзяцей, будаваць эканоміку новай савецкай краіны. Пасьля чаго заўчасна памёр.

Маё сэрца кіпела. Ня так павінен выглядаць музэй заснавальніка самай крывавай спэцслужбы ў гісторыі чалавецтва. Каму патрэбнае гэтае піяніна ў вэстыбюлі, прычым тут шафа часоў Пілсудзкага і калекцыя вымпелаў ФСБшнікаў, якія і так, хутчэй за ўсё, не плоцяць за ўваход. За Дзяржынскага стала нават крыўдна. Жыў чалавек, змагаўся з контрарэвалюцыяй, стараўся і стаў ахвяраў цэнзуры. Дзе ўсе гэтыя абаронцы савецкага мінулага, аматары «эта жэ наша історія». Дык хто як ня я, зямляк «жалезнага Фэлікса» (нас нават хрысьцілі ў адным касьцёле), павінен гучна заявіць пратэст?

Рэбрэндынг музэю

Музэй Дзяржынскага павінен жыць, вабіць, уражваць, выклікаць эмоцыі, ствараць пачуцьцё прысутнасьці самога Фэлікса. Гэта мусіць быць музэй ролевай гульні. Па квіткі павінна быць чарга. Без чаргі туды павінны праходзіць толькі падпісчыкі групы «Хочу назад в СССР» у «Одноклассниках». У гэтым месцы іхная мара мае стаць рэальнасьцю, няхай і віртуальнай.

Настраёвую атмасфэру наведнік мае адчуць ужо на музэйным паркінгу. Дзьверы аўта павінен адчыняць ахоўнік музэю ў даўгім скураным палітоне, а госьця выцягваць за рукаў з шэптам: «Пройдёмте, голубчик!»

— Дык а заплаціць за паркінг? — спытае госьць.

— Заплоціце спаўна, і ня раз, — адкажа яму ахоўнік.

Каб патрапіць у музэй з паркінгу, трэба прайсьці праз 100-мэтровую лясную алею. Яна пачынаецца за ўваходнай брамай, над якой будзе відаць цытата «жалезнага Фэлікса»: «Я хотел бы объять своей любовью все человечество». Калі брама зачыняецца, то з дынамікаў на дрэвах павінен прагрымець гром і маланка, невядома адкуль зьявіцца гід у выглядзе самога Фэлікса, які размаўляе з наведнікамі гістарычнымі цытатамі. Узяўшы госьця пад руку, ён правядзе ўсю далейшую экскурсію. Ужо ад першых крокаў па алеі госьця вітае стрэл нагана з-за недалёкіх дрэваў.

— Што гэта? — спытае спалоханы наведнік.

— Хм, ня ведаю, — пацісьне плячамі Фэлікс Эдмундавіч. — Можа шляхціч, можа афіцэр, вучоны, поп, кулак, а можа казак.

— О, у мяне сын займаецца ў казацкім клюбе ў Горадні.

На гэта ў Фэлікса Эдмундавіча павінны наліцца чырваньню вочы, ён мае схапіць госьця за шыю і прамовіць скрозь зубы:

— Ты вырашыў са мною жартаваць, падонак? Любовь родителей не должна быть слепой. Мы такім палівалі ручкі кіпенем і здымалі зь іх «белыя рукавічкі», пілавалі косьці, выварочвалі нутро.

— А навошта? — шчыра зьдзівіцца шакаваны госьць.

Устрашение, аресты и уничтожение врагов революции по принципу их классовой принадлежности. Если мы теперь деревянная, лапотная Россия, то мы должны стать металлической Россией. Каб мы паляцелі ў космас, — павінен нэрвова адказваць гід і сплюнуць на мох у чырвоных плямах.

— А іншай меры няма? — засумняецца госьць.

Самая действенная — взятие заложников среди буржуазии ... арест и заключение всех заложников и подозрительных в концентрационных лагерях. Паказаць, што мы рабілі з такімі як ты, контра? — адкажа Фэлікс.

У гэты момант празь сьцежку павінны прабегчы вязьні ГУЛАГу ў кайданках, а за імі чэкісты з наганамі. Крыкі, вэрхал, мітусьня, каб наведнік адчуў, што ён нарэшце ў СССР.

Атракцыёны «чырвонага тэрору»

Прасторныя пакоі дому-музэю Дзяржынскага павінны паказваць розныя этапы жыцьця спэцслужбаў, якія заснаваў Фэлікс Дзяржынскі. Пакой з фартэпіянам трэба пераабсталяваць у кіназалю і паказваць кадры з мэтадамі катаваньняў НКВД. Памятаеце дзіўны галаўны ўбор зь фільму «Мэханічны апэльсін» Стэнлі Кубрыка? Той, які замінаў галоўнаму герою заплюшчыць вочы падчас прагляду сцэнаў гвалту. Такі трэба і сюды. Наколькі мага музэйны кінатэатар павінен быць абсталяваны тэхнікай 5D, каб глядач меў адчуваньне непасрэднага ўдзелу ў гісторыі.

Бібліятэчны кут Дзяржынскага трэба аформіць у выглядзе месца для допытаў. Лямпа, наган, малаток, абцугі, усё па-сапраўднаму.

Для того, чтобы лечить болезнь, надо ее выявить, открыть, и это есть метод, который является самым радикальным и правильным, — далікатна тлумачыць Фэлікс Эдмундавіч.

Шафу 1930-х можна ператварыць у камэру-адзіночку, дзе кожны ахвочы можа пры мінусавой тэмпэратуры, у вадзе, з пацукамі, правесьці прынамсі 20 хв. Каб пераадолець нежаданьне, гід павінен нагадаць госьцю, што гэта робіцца для наступных пакаленьняў, каб «жылося лепш, каб мы паляцелі ў космас».

— А як вы даяце сабе рады з такой працай? — можа спытацца ў Дзяржынскага госьць.

— Псыхічныя хваробы — гэта рызыка нашай працы, пра гэта яшчэ Бухарын казаў. Але дапамагаюць алькаголь і наркотыкі, — згодна з праўдай адкажа гід.

Замест сямейных фатаздымкаў Дзяржынскага музэйныя сьцены павінны ўпрыгожваць малюнкі савецкага вэтэрана МУС Данцыга Балдаева, які выхаваўся ў прытулку для дзяцей ворагаў народу (тых, што ініцыяваў Дзяржынскі) і шматгадовую працу ў савецкіх турмах адлюстраваў у сваіх малюнках.

На столачку ля вакна ў адным з пакояў дэманструецца польская кніга. Невядома, якое яна мае дачыненьне да Фэлікса. У гэтым месцы павінен стаяць вялізны манітор з магчымасьцю шукаць рэпрэсаваных паводле імёнаў.

— Фэлікс Эдмундавіч, я не магу знайсьці сваіх. Можа ў іх няма судзімасьці? — пацікавіцца госьць музэю.

То, что у вас пока нет судимости, не ваша заслуга, а наша недоработка, — кіне першы чэкіст і без праблемаў знойдзе патрэбую асобу. — Вы націснулі вялікую літару замест малой.

— Фэлікс Эдмундавіч, а што гэта лічба на маніторы ля ўваходу? Вонкавая запазычанасьць нашай эканомікі, як на Таймc-сквэр?

— Не, гэта колькасьць контры, якую чэкісты зьнішчылі за сваю гісторыю, — адкажа Фэлікс. — Уражвае, праўда?

Не прамініце і майстар-клясаў у суседнім пакоі. Тут вас навучаць пісаць сапраўдны данос, напрыклад, на суседа, на бацьку, настаўніка і патлумачаць, што для расстрэлу хапала адной такой паперкі.

Час на абед. Падмацавацца можна ў адноўленым нядаўна склепе Дзяржынскіх. Абед вязьняў ГУЛАГу. Усё ў цане білету, як у сапраўдным СССР. Ёсьць і эксклюзіўны варыянт. Кавалак доктарскай кілбасы, скарынка хлеба з маслам, рассыпная гарбата празрыстага колеру і цукерка-падушачка. Гэта ўжо позьні СССР, вэрсія-люкс.

Мінаючы склеп, гід праводзіць наведніка праз сьвежы насып, які далікатна рухаецца і выдае гукі.

— ​ Экономия времени для нас — это аксиома, — патлумачыць Фэлікс Эдмундавіч.

Трохі далей самыя адважныя могуць прыняць удзел у чарговай ролевай гульні. Іх прывязваюць да дрэва і паліваюць халоднай вадой.

— Працуе толькі ўзімку, — зьбівае імпэт у наведнікаў сур’ёзны гід.

Спалоханых гасьцей Дзяржынскі матывуе сваімі ж цытатамі:

— Отдохнем, товарищи, в тюрьме.

У музэі працуюць гатэльныя нумары: «Салаўкі», «Калыма», «Магадан». Гісторыкі пастараліся перадаць усе дэталі месца, каб аматары Савецкага саюзу адчулі тут сябе як дома.

Ахвочыя могуць спусьціцца ў шахту і папрацаваць у кайданах з рыдлёўкай. Крышыць долатам камяні (на хуткасьць), зваліць лобзікам дрэва. Усё гэта пры гаўканьні сабак і мацерных крыках аховы. Гэты варыянт выключна +18.

Дарогу з кар’еру госьцю павінны перапыніць два НКВДысты. Адзін страляе ў скроню другому і са шклянымі вачыма ідзе запаліць цыгарэту.

— Служить в органах могут или святые, или подлецы, — паўтарае гід арыгінальныя словы свайго правадыра.

— Цяжкая ў вас праца, Фэлікс Эдмундавіч, і няпростае жыцьцё — заўважае госьць.

— Если бы мне пришлось жить сначала, я начал бы так, как начал, — са сьлязьмі на вачах кажа Дзяржынскі.

На гэтым «жалезны Фэлікс» павінен разьвітацца з госьцем і прапанаваць яму іншую трасу на паркінг, так бы мовіць, за кошт музэю, чорным варанком. На выбар два варыянты: адразу на паркінг ці праз урочышча, дзе чуваць стрэлы наганаў і крыкі жанчын «За што». Кіроўца варанка весела заахвочвае праехацца ва ўрочышча: — Таварыш, для дзяцей, для будучыні, для палёту ў космас, дзеля мадэрнізацыі.

Але выбар за наведнікам. Ён мае выбар.

Занадта: жорсткасьць, садызм, трэш, — запярэчыць падпісчык суполкі «Хочу назад в СССР». Не, даражэнькі, гэта наша гісторыя. Са 140-годзьдзем Фэлікса Эдмундавіча.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

* Цытаты, выдзеленыя курсівам, належаць Фэліксу Дзяржынскаму і падаюцца паводле Вікіпэдыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG