Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палата прадстаўнікоў не дала памяшканьня для прэзэнтацыі альтэрнатывы дэкрэту № 3


Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая

Прэс-канфэрэнцыя, прысьвечаная правацэнтрысцкай альтэрнатыве «дармаедзкага» дэкрэту № 3, адбудзецца 12 верасьня ў гатэлі «Манастырскі» ў Менску.

Пра гэта паведамілі ў прэс-службе "Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі".

Напярэдадні кіраўніцтва Палаты прадстаўнікоў у апошні момант забараніла правядзеньне гэтага мерапрыемства ў сваім прэс-цэнтры. Арганізатары спачатку перанесьлі яго на вуліцу, каля Чырвонага касьцёла, аднак потым паведамілі пра гатэль «Манастырскі».

У прэс-канфэрэнцыі возьмуць удзел дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая, лідэр АГП Анатоль Лябедзька, старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч і старшыня аргкамітэту БХД Віталь Рымашэўскі і кіраўнік рабочай групы ў выпрацоўцы «Правацэнтрысцкай альтэрнатывы дэкрэту N3» Яраслаў Раманчук.

Ганна Канапацкая паведаміла, што ўчора ўвечары ў Палаце ёй сказалі, што супольная прэсавая канфэрэнцыя немагчымая і яе могуць правесьці толькі з удзелам адной дэпутаткі.

«Мне сказалі, што практыкі правядзеньня прэсавай канфэрэнцыі ў такім фармаце ў Палаце раней не было, і таму праводзіць такое мерапрыемства немагчыма. Я вырашыла, што журналісты, якія працуюць і ў афіцыйных выданьнях, і не ў афіцыйных, не павінны цярпець ад такога рашэньня кіраўніцтва Палаты. Таму я вырашыла пайсьці альтэрнатыўным шляхам: спачатку аб 11-й гадзіне ў гатэлі „Манастырскі“ пройдзе прэсавая канфэрэнцыя з удзелам лідэраў правацэнтрысцкай кааліцыі і Яраслава Раманчука, а апоўдні, як і было заплянавана, я буду адказваць на пытаньні тых журналістаў, якія прыйдуць у Палату прадстаўнікоў».

Віталь Рымашэўскі патлумачыў карэспандэнту Свабоды, што мерапрыемства вырашана правесьці ў гатэлі, бо асноўны экспэрт Яраслаў Раманчук папрасіў аб магчымасьці зрабіць слайдавую прэзэнтацыю.

«У гатэлі будзе больш зручная магчымасьць для камунікацый і для прэзэнтацыі не эпатажнай, але журналісты могуць задаць пытаньні».

Віталь Рымашэўскі так пракамэнтаваў адмову Палаты прадстаўнікоў у правядзеньні мерапрыемства:

«Гэта сьведчыць пра тое, што Палата прадстаўнікоў — досыць несамастойны орган. І спачатку яны разаслалі прэсавы рэліз, дзе быў абумоўлены фармат прэс-канфэрэнцыі зь лідэрамі правацэнтрысцкай кааліцыі. І гэта разышлося ад імя прэс-службы Палаты прадстаўнікоў. А пасьля, хутчэй за ўсё, ім далі ўказаньне зьверху і не дазволілі такі фармат».

Учора Рада Беларускага нацыянальнага кангрэсу заявіла пра свой намер правесьці 20 кастрычніка ў Менску «Марш абураных беларусаў 2.0» з патрабаваньнем спыніць рабаваньне народу. Час і месца пачатку маршу будуць вызначаныя пазьней.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG