Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саакашвілі заявіў, што на ўладу ва Ўкраіне не прэтэндуе


Міхэіл Саакашвілі ў Львове 11 верасьня 2017.

Але пры гэтым ён сказаў, што мае плян, як «скончыць з уладай алігархаў».

Былы прэзыдэнт Грузіі Міхэіл Саакашвілі заявіў у Львове, што знаходзіцца ў краіне «абсалютна легальна», і запэўніў журналістаў, што не будзе прэтэндаваць ні на якія дзяржаўныя пасады. Саакашвілі заявіў, што яго ўкраінскі пашпарт быў «скрадзены на мяжы» паліцыяй. Пра гэта паведамляе ВВС.

На прэсавай канфэрэнцыі ў Львове Саакашвілі сказаў, што вярнуўся, каб аспрэчыць у судзе рашэньне аб ануляваньні яго грамадзянства. Зараз ён мае намер чакаць у Львове сваіх жонку і сына.

Саакашвілі паведаміў журналістам аб сэрыі палітычных акцыяў, якія ён рыхтуе: «У мяне ёсьць дакладны плян — скончыць з разрабаваньнем эканомікі, скончыць з уладай алігархаў, пакончыць са злоўжываньнем на тэмах вайны. Для гэтага я зьбіраюся праехацца па ўсіх рэгіёнах Украіны, максымальна абʼядноўвацца зь людзьмі, з рознымі палітычнымі сіламі вакол агульнай тэмы, што ў нас у краіне павінна быць дэмакратыя і ў нас не павінна быць дыктатуры алігархаў».

Разважаючы пра ўласную бясьпеку, Саакашвілі заявіў: «Я ведаю, што і мая свабода пад ударам, і маё жыцьцё можа быць пад ударам. Але існаваньне Украіны пад ударам, і свабода Ўкраіны пад ударам. І свабода, і існаваньне Ўкраіны нашмат вышэй, чым свабода і існаваньне асобна ўзятага грамадзяніна, у тым ліку мяне».

«Пакінем палітыку палітыкам, а злачынства — праваахоўнікам, пракуратуры, суду»

Сёньня прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка пракамэнтаваў сытуацыю з перасячэньнем Саакашвілі ўкраінскай мяжы. «Гэта справа праваахоўных органаў, і яны пачалі дзейнічаць. Пакінем палітыку палітыкам, а злачынства — праваахоўнікам, пракуратуры, суду», — заявіў кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсьліў, што ні Саакашвілі, ні яго прадстаўнікі не аспрэчвалі ў судзе рашэньне прэзыдэнта аб пазбаўленьні яго ўкраінскага грамадзянства.

«Замест гэтага ўчыненае злачынства. Ёсьць канстытуцыйны прынцып недатыкальнасьці дзяржаўнай мяжы. Гэта пытаньне нацыянальнай бясьпекі. Мне ўсё роўна, хто парушае дзяржаўную мяжу: баевікі на ўсходзе або палітыканы на захадзе. Павінна быць выразная прававая, юрыдычная адказнасьць», — адзначыў Парашэнка.

Саакашвілі не пакінуў гэты выступ без адказу. «Я чуў, што прэзыдэнт казаў пра нейкія злачынствы. Я хачу яму адказаць: злачынствам было пазбаўленьне мяне грамадзянства, падробка маіх подпісаў, спыненьне цягніка і ўзяцьце людзей у закладнікі», — сказаў палітык.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG