Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жлобінскі суд пакараў журналіста-фрылансэра штрафам у 575 рублёў


Кастусь Жукоўскі

Судзьдзя Жлобінскага раённага суду Валянціна Сапонава 11 верасьня прызнала Кастуся Жукоўскага вінаватым у незаконным вырабе прадукцыі СМІ без акрэдытацыі для польскага спадарожнікавага тэлеканалу «Белсат». Яна аштрафавала журналіста-фрылансэра на 25 базавых велічыняў (575 рублёў).

На Кастуся Жукоўскага склаў адміністрацыйны пратакол міліцыянт Жлобінскага РАУС Міхаіл Патапенка за правядзеньне «інтэрвіяваньня жыхароў вёскі Пірэвічы». Гэтыя інтэрвію былі «выкарыстаныя ў эфіры спадарожнікавага тэлеканалу «Белсат».

«Міліцыянты, а за імі й суды, ня надта абцяжарваюць сябе хоць нейкімі аргумэнтамі, каб абгрунтаваць парушэньне, — кажа Жукоўскі. — Каб „распаўсюдзіць прадукцыю СМІ“ ў эфіры тэлеканалу „Белсат“, трэба, як мінімум, мець пад рукою тэлестудыю і перадатчык. Ні таго, ні другога ў мяне няма. Нягледзячы на абсурднасьць прэтэнзіяў, падобныя пратаколы праходзяць у судах, фрылансэраў штрафуюць, а міліцыя паляпшае паказьнікі барацьбы з правапарушэньнямі».

На Кастуся Жукоўскага сёлета складзена 14 адміністрацыйных пратаколаў — бальшыня тычацца так званага «незаконнага вырабу прадукцыі СМІ без акрэдытацыі». Паводле шасьці зь іх Жукоўскі агулам аштрафаваны на 5635 рублёў. Шэраг адміністрацыйных спраў былі спыненыя, бо мінуў тэрмін для вынясеньня пакараньня.

За апошнія тры гады Жукоўскага 18 разоў каралі штрафамі за працу без акрэдытацыі. Агульная сума спагнаньняў, паводле цяперашняга курсу, наблізілася да шасьці з паловай тысяч даляраў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG