Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палякі прынялі рашэньне наконт Вострай брамы і львоўскіх могілак у новых пашпартах


Марыюш Блашчак (першы справа) зь лідэрамі Права і справядлівасьці падчас імшы ў 2015

Міністар унутраных справаў Польшчы Марыюш Блашчак заявіў, што ў новым узоры пашпарту, які мае зьявіцца налета, ня будзе выяваў Вострай брамы ў Вільні і могілак «арлянятаў» у Львове.

Блашчак дадаў, што ён прыняў такое рашэньне «ў сувязі з заўвагамі, якія паступалі ў міністэрства, і пасьля атрыманьня рэкамэндацый ад экспэртаў».

Замест выявы Вострай брамы на старонках пашпарта зьявіцца надпіс з магілы Марыі Пілсудзкай (1865–1921), першай жонкі маршалка Юзэфа Пілсудзкага, пахаванай на могілках Росы ў Вільні.

Магіла Марыі Пілсудзкай на могілках Росы ў Вільні
Магіла Марыі Пілсудзкай на могілках Росы ў Вільні

Замест выявы львоўскіх могілак «арлянятаў», на якіх пахаваныя польскія абаронцы гораду ад украінскіх і савецкіх войскаў у 1918–1921 гадах, у якасьці вадзянога знаку ў пашпарце будзе выява малалетняга Антонія Петрыкевіча (1905–1919), які загінуў пры абароне і пасьмяротна быў уганараваны крыжам «Virtuti Militari».

На 100-годзьдзе незалежнасьці Польшчы, якое будзе адзначацца ў 2018 годзе, улады пастанавілі ўвесьці новыя пашпарты. Выявы ў выглядзе вадзяных знакаў на старонках дакумэнту былі прапанаваныя для зацьверджаньня ўсім грамадзянам у віртуальным галасаваньні. Прапанова зьмяшчэньня ў пашпарце выяваў Вострай брамы і могілак «арлянятаў» у Львове выклікала пратэсты і асуджэньне ў Літве і Ўкраіне, у тым ліку на ўзроўні МЗС.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG