Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень памяці Канстанціна Астроскага


Гетман ВКЛ Канстанцін Астроскі

Падзеі 11 верасьня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

11 верасьня 1530 году у Вільні памёр князь Канстанцін Астроскі, дзяржаўны дзяяч і гетман Вялікага Княства Літоўскага. Ён камандаваў войскамі ВКЛ у бітве пад Воршай 8 верасьня 1514 году, у якой 35 тысяч літоўска-беларускіх і польскіх ваяроў разьбілі 80-тысячнае маскоўскае войска.

Таксама ў гэты дзень

1918 — выйшаў дэкрэт аб увядзеньні міжнароднай мэтрычнай сыстэмы мер і вагі на тэрыторыі Беларусі, Расеі і Ўкраіны. Для гэтага быў устаноўлены пераходны пэрыяд да 31 студзеня 1924 году. Пайшлі ў гісторыю вёрсты, фунты, сажні ды іншае.

2001 — адбылася тэрарыстычная атака на Сусьветны гандлёвы цэнтар і Пэнтагон у ЗША. Атака была зробленая з дапамогай чатырох пілятаваных самалётаў унутраных авіялініяў ЗША, захопленых 19 ісламскімі тэрарыстамі. Два з самалётаў разьбіліся аб хмарачосы-блізьняты Сусьветнага гандлёвага цэнтру ў Нью-Ёрку, трэці зьнішчыў частку Пэнтагону ў Вашынгтоне. Чацьвёрты самалёт, дзякуючы мужнаму супраціву пасажыраў, не дасягнуў мэты і разьбіўся на палях Пэнсільваніі прыблізна за 15 хвілін лёту да Вашынгтону. Ахвярамі атакі сталіся 2996 чалавек, уключна з тэрарыстамі.

У гэты дзень нарадзіліся

1855 — Еўдакім Раманаў, беларускі археоляг, гісторык, этнограф, фальклярыст

1865 — латыскі паэт Яніс Райніс.

1877 — Фэлікс Дзяржынскі. Камуністычны дзяяч, стваральнік рэпрэсіўнае сыстэмы ў Савецкім Саюзе. Быў старшынём ВЧК, пасьля ГПУ, ініцыятарам стварэньня ГУЛАГу. Нарадзіўся ў былым маёнтку Дзяржынава пад Стоўбцамі.

1953 — беларускі пісьменьнік Вінцэсь Мудроў.

1972 — беларускі пісьменьнік Алесь Пашкевіч. Аўтар, сярод іншага, дакумэнтальнага раману «Пляц Волі» і раману-біяграфіі «Круг», прысьвечанага Ўладзімеру Дубоўку.

У памяці

1937 — савецкія карныя органы расстралялі беларускага палітыка Язэпа Мамоньку. Мамонька быў сябрам прэзыдыюму Рады БНР і арганізатарам беларускай партыі эсэраў.

1971 — Мікіта Хрушчоў, кіраўнік СССР.

1973 — Сальвадор Альендэ, прэзыдэнт Чылі, забіты путчыстамі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG