Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі больш за сотню затрыманых на акцыі ў падтрымку мусульман Мʼянмы


Паліцыя затрымлівае пратэстоўцаў у Расеі. Ілюстрацыйнае фота

На Дварцовай плошчы ў Санкт-Пецярбургу паліцыя затрымала больш за 130 чалавек, якія прыйшлі на несанкцыянаваную акцыю ў падтрымку мусульман Мʼянмы. Пра гэта паведамляе выданьне «Фонтанка» са спасылкай на крыніцы ў праваахоўных органах.

На затрыманых складаюць пратаколы па артыкулах аб парушэньні правілаў правядзеньня мітынгаў і супраціў паліцыі. Усяго ў акцыі ўдзельнічалі каля 200 чалавек.

3 верасьня каля амбасады Мʼянмы ў Маскве адбылася няўзгодненая акцыя ў падтрымку мусульман-рагінг’я. Паліцыя ніякіх дзеяньняў не рабіла.

Акцыі папярэднічаў пост кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава з крытыкай уладаў Мʼянмы з-за новай хвалі гвалту над мусульманамі-рагінг’я. Улады Масквы адмовіліся ўзгадніць пікет у падтрымку мусульман Мʼянмы каля будынка амбасады гэтай краіны 8 верасьня.

У М’янме, большасьць насельніцтва якой складаюць будысты, этнічная група рагінг’я, якая вызнае ў асноўным іслам, заяўляе пра перасьлед з боку ўладаў. Крывавыя сутыкненьні ў рэгіёне здараюцца ўжо ня першае дзесяцігодзьдзе. Калі яны абвастрыліся ў 2012 годзе, больш як 100 000 рагінг’я мусілі пакінуць свае дамы. Яны знайшлі прытулак у лягерах для ўнутрана перамешчаных асобаў. У той жа час у іншых месцах М’янмы таксама жыве шмат мусульман, і дачыненьні паміж імі і будыстамі пераважна спакойныя — хоць апошнім часам, на фоне канфлікту з рагінг’я, напружанасьць пачала ўзьнікаць і там.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG