У Маскве пачаліся выбары муніцыпальных дэпутатаў. У ноч на нядзелю стала вядома пра затрыманьне кандыдата ў муніцыпальныя дэпутаты Галіны Калінінай. Паведамляецца, што яе падазраюць у правядзеньні агітацыі ў «дзень цішыні», які быў у суботу. Сама Калініна паскардзілася на неабгрунтаванае прымяненьне сілы паліцыянтам.
Напярэдадні мэр Масквы Сяргей Сабянін абвясьціў аб звальненьні кіраўнікоў управы раёна Нова-Перадзелкіна за «грубыя парушэньні». Перад гэтым на гостынгу YouTube зʼявіўся запіс, на якім намесьнік кіраўніка ўправы Святлана Антонава абмяркоўвае плянаваную перамогу сваіх «прыхільнікаў» на муніцыпальных выбарах і ўручае прадстаўнікам выбарчых камісій капэрты з «узнагародай».
У мінулы чацьвер газэта «Ведамасьці» паведаміла са спасылкай на ўласныя крыніцы, што Маскоўская мэрыя вырашыла зьвесці да мінімуму асьвятленьне будучых муніцыпальных выбараў. Раней рух у абарону правоў выбаршчыкаў «Голас» таксама заяўляў пра выкарыстаньне адміністрацыйнага рэсурсу гарадзкімі ўладамі.