Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рух «Дзея» запусьціў сэрвіс бясплатнага перакладу на беларускую мову для бізнэсу

  • БелаПАН

Ілюстрацыйнае фота. Прыклад беларускай мовы ў бізнэсе: крама «Эўраопт» у Горадні, дзе пакупнікоў абслугоўваюць на беларускай мове і большасьць рэклямных надпісаў беларускамоўныя

Грамадзкі рух «Дзея» запусьціў сэрвіс бясплатнага перакладу на беларускую мову для прадстаўнікоў айчыннага і замежнага бізнэсу, паведаміў на прэс-канфэрэнцыі 8 верасьня ў Менску лідэр руху Алесь Лагвінец.

Актывісты руху адкрылі сайт nabyvaj.by, на якім дзелавыя людзі могуць пакідаць свае заяўкі з матэрыяламі, якія неабходна перакласьці на беларускую мову, паведамляе БелаПАН.

Акрамя гэтага, на сайце можна азнаёміцца з прыкладамі таго, як вытворцы тавараў і пастаўшчыкі паслуг ужо выкарыстоўваюць беларускую мову для прасоўваньня сваёй прадукцыі. У гэтым сьпісе, у прыватнасьці, Жабінкаўскі цукровы завод, Глыбоцкі малочна-кансэрвавы камбінат, кампанія «Вінакурня Нарач», апэратар мабільнай сувязі Velcom, група кампаніяў «А-100» і інш.

Задума прадстаўляць бізнэсу бясплатныя паслугі па перакладзе матэрыялаў на беларускую мову ўзьнікла разам з ідэяй перакладаць на мову тытульнай нацыі заканадаўства, сказаў Алесь Лагвінец. Паводле яго словаў, ужо сёньня ёсьць добрыя прыклады выкарыстаньня беларускай мовы на спажывецкім рынку.

Алесь Лагвінец
Алесь Лагвінец

«Мы хочам прасоўваць гэтыя прыклады, а таксама зацікаўліваць іншых гульцоў на рынку ўжываць беларускую мову ў сваім бізнэсе», — падкрэсьліў лідэр «Дзеі».

«Зь бізнэсам трэба размаўляць на мове спажывецкай цікавасьці, паказваючы, што ў Беларусі пэўная катэгорыя людзей, якія галасуюць рублём, выбірае тавары з этыкеткамі на беларускай мове. Акрамя гэтага, трэба размаўляць зь ім на мове сацыяльнай адказнасьці», — дадаў Алесь Лагвінец.

Ён паведаміў, што рух плянуе рассылаць айчынным і замежным кампаніям пэрсанальныя лісты з прапановай скарыстацца гэтай бясплатнай паслугай. Лісты будуць падпісаныя партнэрамі праекту — Асацыяцыяй эўрапейскага бізнэсу, Рэспубліканскай канфэдэрацыяй прадпрымальніцтва, грамадзкім аб’яднаньнем «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны», Беларускім таварыствам абароны правоў спажыўцоў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG