Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп паставіў на мяжу дэпартацыі 800 тысяч «летуценьнікаў»


Пратэсты супраць адмены праграмы DACA ў Лос-Анджэлесе

Прэзыдэнт Дональд Трамп адмяніў праграму, якая дапамагала легалізавацца ў ЗША дзецям нелегальных мігрантаў. Амаль 800 тысячам чалавек цяпер пагражае дэпартацыя.

Што дазволіў нелегалам Барак Абама?

Некалькі дзён таму прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп афіцыйна адмяніў праграму DACA (Deferred Action for Childhood Arrivals), прынятую прэзыдэнтам Баракам Абамам, якая тычылася амаль 800 тысяч гэтак званых «летуценьнікаў» — дзяцей нелегальных мігрантаў, якіх бацькі прывезьлі ў ЗША ва ўзросьце да 16 гадоў і якія да гэтага часу не атрымалі легальнага статусу.

Нягледзячы на адсутнасьць легальнага статусу, увесь час гэты асобы маглі:

а) вучыцца ў амэрыканскіх школах (пры паступленьні ня трэба быць грамадзянінам ЗША, а візавы статус альбо не правяраецца, альбо гэта забараняюць рабіць мясцовыя законы);

б) вучыцца ў каледжах (у Гарвардзе ў цяперашні час вучацца больш за 50 «летуценьнікаў», а ва Ўнівэрсытэце Тафтс — больш за 25);

в) мець уласны бізнэс і плаціць падаткі;

г) працаваць нелегальна там, дзе не патрабавалі падаваць SSN (нумар сацыяльнага страхаваньня, які ёсьць ва ўсіх грамадзян ЗША і ў замежнікаў, якія пражываюць у краіне легальна).

Праграма DACA дала ім магчымасьць легалізавацца — атрымаць SSN, права на працу (на два гады з магчымасьцю падаўжэньня) і выязныя дакумэнты. З адменай праграмы, якая афіцыйна наступіць 5 сакавіка, усе гэтыя дакумэнты перастануць дзейнічаць, а «летуценьнікам» будзе пагражаць дэпартацыя.

Чаму гэтых людзей называюць «летуценьнікамі»?

Гэтая назва — па-ангельску: dreamers — узьнікла як частковы акронім назвы законапраекту Development, Relief and Education for Alien Minors (DREAM) Act, які даваў магчымасьць легалізавацца ўсім дзецям нелегальных мігрантаў у ЗША, але якога Кангрэс так і ня здолеў прыняць. Замест DREAM Act была прынятая ў лістападзе 2014 году, указам прэзыдэнта Барака Абамы, менш радыкальная праграма DACA, якую цяпер сваім указам скасаваў Дональд Трамп.

Чаму «летуценьнікаў» могуць дэпартаваць?

Для таго, каб легалізавацца па праграме DACA, кожны зь «летуценьнікаў» павінен быў «здацца» ўладам: паведаміць пра сябе і падпісаць дакумэнт, у якім прызнаваўся, што знаходзіцца ў ЗША нелегальна. Гэты дакумэнт — ужо дастатковая падстава для запачаткаваньня працэсу дэпартацыі.

«Пакуль яны гэтага не рабілі — ніхто наогул ня ведаў, што яны знаходзяцца тут. Ніхто ня ведаў, хто яны. Справа ў тым, што для таго, каб дэпартаваць чалавека, трэба спачатку даказаць, што ён нелегал, і патрапіў у Амэрыку нелегальна, а не, напрыклад, нарадзіўся тут, але чамусьці не атрымаў пасьведчаньня аб нараджэньні», — сказаў нашаму радыё адзін з іміграцыйных юрыстаў.

Адкуль паходзіць большасьць «летуценьнікаў»?

Большасьць гэтых людзей, якім цяпер ад 15 да 36 гадоў, прыехалі з бацькамі з Мэксыкі, Кубы і іншых краінаў Цэнтральнай і Лацінскай Амэрыкі па моры або нелегальна перайшоўшы мяжу. Аднак сярод «летуценьнікаў» ёсьць таксама пэўная колькасьць расейскамоўных, пераважна, дзяцей, якія прыехалі з бацькамі ў ЗША па турыстычнай візе і засталіся ў краіне пасьля таго, як яе дзеяньне скончылася. Згодна з амэрыканскім заканадаўствам усе гэтыя дзеяньні расцэньваюцца як крымінальнае злачынства, а «летуценьнікі» лічацца парушальнікамі закону.

XS
SM
MD
LG