Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Малдова: прэзыдэнт патрабуе адстаўкі міністра абароны за выезд вайскоўцаў на вучэньні ва Ўкраіну


Ігар Дадон

Прэзыдэнт Малдовы Ігар Дадон заявіў 8 верасьня, што ад сёньняшняга дня малдаўскія вайскоўцы ня змогуць выехаць за мяжу безь ягонай згоды.

Дадон патлумачыў, што ён, як галоўнакамандуючы, падпісаў загад, паводле якога «ніхто з вайскоўцаў ня выедзе за мяжу без папярэдняй згоды прэзыдэнта». Загад быў выкліканы тым, што 7 верасьня малдаўскі ўрад, не спытаўшы ягонага дазволу, выслаў групу вайскоўцаў на вучэньні «Rapid Trident» ва Ўкраіне, якія праводзяцца з удзелам падразьдзяленьняў NATO.

«Урад прыняцьцем гэтай пастановы парушыў заканадаўства, інтэрпрэтаваўшы гэта не як вучэньні, а як стажыроўку, таму што ў законе пра стажыроўку не гаворыцца. Упершыню ўрад выдае загады арміі, якія супярэчаць загадам галоўнакамандуючага», — цытуе Дадона «Комсомольская правда в Молдове».

У гэтай сувязі прэзыдэнт Малдовы патрабуе адстаўкі намесьніка міністра абароны Георге Галбура, які цяпер займае і пасаду кіраўніка ведамства.

Пазыцыю прэзыдэнта пакрытыкаваў сьпікер парлямэнту Малдовы Андрыян Канду:

«Мы праверым яго [прэзыдэнта — РС] заявы. Ёсьць прадугледжаны плян, які адносіцца да ўдзелу малдаўскіх вайскоўцаў у розных захадах. Які ты галоўнакамандуючы, калі табе ня важная армія?» — сказаў Канду.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG