Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чвэрць стагодзьдзя бяз выбару – гэта цяжка для атмасфэры, у якой жывеш. Асабліва калі выбралі каўбасу.

Вольга Кавалькова піша ў фэйсбуку:

Сёньня ідзем з Марынай Хоміч каля мэтро Якуба Коласа, а побач з прыпынкам каля ГЦ «Сілуэт» на асфальце ляжыць мужчына, не зразумела, ці то дрэнна яму, ці то п’яны. А людзі праходзяць міма і праходзяць. Глянуць у яго бок і далей ідуць. Падыходжу і запытваю, ці трэба яму нейкая дапамога. І бачу, што ён п’яны. Кажу «Ідзіце дадому, а то міліцыя забярэ». А ён мне «Да хоць паліцыя!» і павярнуўся на другі бок. Мне падаецца, што так і з нашым грамадзтвам. Глябальна яму ўсё роўна, што ты хочаш нешта зьмяніць, адной частцы яго і так добра ляжаць і спаць, а другой – не зьвяртаць увагі на тое, што адбываецца побач.

Вольга робіць выснову, што зьмены трэба рабіць не для грамадзтва, а для свайго кола – сям’і, сяброў, блізкіх. Каб не згубіць матывацыю. Грамадзтву ўсё роўна.

Прыведзеная цытата датуецца 7 верасьня 2017 г.

Я акуратна перапісаў яе ад рукі і паставіў дату 7 верасьня 1987 г.

Адбылося неверагоднае. Усё ажыло. Нават ГЦ «Сілуэт» упісаўся ў тагачасны краявід. Здаецца, дзьве розныя эпохі, іншы Менск, але насамрэч іншым было толькі месца. Маладая жанчына ляжала на асфальце на прыпынку каля Дому моды. Калі я схіліўся над ёй, таксама пачуў пах алькаголю. Я таксама сказаў ёй пра міліцыю. І такі самы быў яе адказ: «Да хоць паліцыя!».

Мы жылі ў натхнёнай атмасфэры перастройкі. Нефармальныя рухі, першыя мітынгі, забароненая літаратура, пачыналася вольніца ў СМІ і вера ў фантастычныя перамены, а таксама – вялізныя каўбасныя чэргі, у якіх стаяла грамадзтва. Помню, мы падыходзілі да прылаўка збоку. «Маладой чалавек, вы бяз вочарадзі», «Вас тут не стаяла», «Станьце ў канец». Паварочваесься да ўсёй чаргі і гіпэрпераканаўча прамаўляеш: «Я сы-ы-ыт!» Каб разумелася так, што «сыт» вось гэтым вось усім – хлусьнёй, прапагандай, камунізмам…

Крыху пазьней гэты тролінг мэтафарызаваўся ў выбар, які стаіць перад грамадзтвам – мова ці каўбаса. Грамадзтва нязьменна выбірала каўбасу. «Мову на хлеб не намажаш!» На першых і апошніх прэзыдэнцкіх выбарах гэтая палярызацыя пэрсаніфікавалася. Каўбаса перамагла мову, а разам зь ёй і свабоду, і правы чалавека, і закон… «Усё роўна» перамагло «ня ўсё роўна». З тых часоў па сутнасьці не мянялася нічога.

Сёньня на нязьменнасьць каўбаснага выбару працуе аграмадны бюджэтны апарат. Грамадзтва цешыцца спажывецкімі радасьцямі і праходзіць міма мужчыны на асфальце. Публіцысты могуць расслабіцца і рабіць рэлоўд сваіх артыкулаў 20-30-гадовае даўніны. Новага ўсё адно не напішацца, бо ў грамадзкай атмасфэры яго няма.

Застаецца, хіба што, варажыць на каўбасе. А яна можа або заляжацца (што з намі і адбываецца, толькі выкінуць няма каму), або скончыцца (галоднымі бунтамі – каму яны трэба?) або не сканчацца, і тады два пытаньні да аўдыторыі:

Калі, на вашую думку, беларусы насыцяцца?

І ці будзе іхнае «я сыт!» азначаць «мне ня ўсё роўна»?

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG