Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Таямнічыя навукоўцы і вадародная бомба. Хто стварае ядзерную зброю для Паўночнай Карэі


Лідэр КНДР Кім Чэн Ын з ключавымі навукоўцамі ядзернай праграмы: Хонг Сун Му (справа) і Ры Хонг Соп (другі зьлева)

Двое навукоўцаў, якія трапілі на сумеснае фота з Кім Чэн Ынам перад выпрабаваньнем ядзернай зброі ў мінулую нядзелю, згулялі ключавую ролю ў стварэньні магутнай зброі масавага паражэньня для Паўночнай Карэі — прынамсі ў гэтым упэўненыя экспэрты, апытаныя агенцтвам Reuters.

У нядзелю КНДР правяла шостае выпрабаваньне ядзернага зараду рэкорднай для краіны магутнасьці — 100 кілатонаў. Японскія экспэрты ацанілі магутнасьць бомбы ў 160 кілатонаў. Спэцыялісты выказалі здагадку, што Паўночная Карэя альбо ўжо распрацавала вадародную бомбу, альбо вельмі блізкая да гэтага.

Сэлфі на фоне бомбы

За некалькі гадзін да выбуху афіцыйнае паўночнакарэйскае агенцтва ЦТАК апублікавала некалькі кадраў. На фотаздымках лідэр Паўночнай Карэі дае нейкія ўказаньні (гэта традыцыйная кампазыцыя для фота з удзелам Кім Чэн Ына — НВ). А побач зь ім стаяць Ры Хонг Соп, кіраўнік Інстытута ядзерных узбраеньняў Паўночнай Карэі, і Хонг Сунг Му, намесьнік кіраўніка аддзела боепрыпасаў кіруючай Працоўнай партыі Карэі.

Экспэрты па Паўночнай Карэі ўпэўненыя, што двое навукоўцаў на фота — галоўныя экспэрты па ўзбраеньні, якія адказваюць за выкананьне заданьня лідэра КНДР — распрацаваць міжкантынэнтальную балістычную ракету (МБР), здольную даставіць ядзерную боегалоўку да мацерыковай тэрыторыі Злучаных Штатаў.

Папярэднія кіраўнікі КНДР Кім Чэн Ір і Кім Ір Сэн аддавалі перавагу таму, каб праграмамі ўзбраеньня займаліся невялікія працоўныя групы і мэнэджэры сярэдняга зьвяна. Іх 33-гадовы наступнік асабіста сочыць за працай гэтых навукоўцаў, запэўніваюць экспэрты. Лідэр Паўночнай Карэі часьцей сустракаецца з распрацоўшчыкамі ўзбраеньняў на афіцыйных мерапрыемствах, а таксама прысутнічае на іспытах і праводзіць палявыя інспэкцыі.

«Выглядае так, што Хонг [Сун Му] кіруе праграмай распрацоўкі ядзернай зброі як высокапастаўлены прадстаўнік партыі, а Ры [Хонг Соп] адказвае за выпрабаваньні ядзернай зброі (такой, як вадародная бомба) на тэхнічным узроўні», — кажа Янг Му Джын, прафэсар унівэрсытэта па вывучэньні Паўночнай Карэі ў Сэуле.

Афіцыйныя прадстаўнікі Паўночнай Карэі ня сталі камэнтаваць тэму распрацоўкі ядзернай зброі.

Бліжэйшае акружэньне

Гэтыя двое навукоўцаў рэзка ўзмацнілі свой уплыў у паўночнакарэйскай эліце — паралельна з посьпехамі праграмы распрацоўкі зброі, якой кіруе Кім Чэн Ын. Да такой высновы агенцтва Reuters прыйшло, вывучыўшы дзяржаўныя СМІ Паўночнай Карэі.

У студзені 2016 году абодва навукоўцаў былі нумар адзін і нумар два ў сьпісе ўзнагароджаных мэдалямі. Узнагароды з нагоды чацьвёртага выпрабаваньня ядзернай бомбы ўручаў асабіста Кім Чэн Ын, цырымонію трансьлявалі па дзяржаўным тэлебачаньні.

Праз два месяцы навукоўцы суправаджалі ўсьмешлівага паўночнакарэйскага лідэра, які аглядаў сфэру серабрыстага колеру — у КНДР сьцьвярджалі, што гэта ядзерная боегалоўка, памеры якой дазваляюць усталяваць яе на МБР.

У групу тэхнакратаў таксама ўваходзяць тры спэцыялісты па ракетных тэхналёгіях. Яны суправаджалі Кім Чэн Ына падчас ключавых выпрабаваньняў ракет, у тым ліку ў чэрвені — тады КНДР запусьціла дзьве МБР, здольных дасягнуць мацерыковай часткі ЗША.

Экспэрты лічаць, што больш нефармальны ў параўнаньні з папярэднікамі падыход Кім Чэн Ына дазволіў навукоўцам карыстацца асабістымі сувязямі зь лідэрам, што станоўча адбілася на хуткасьці распрацоўкі ракет і ядзернай зброі.

«Сваімі паводзінамі Кім Чэн Ын хоча паказаць, што гэтыя людзі набліжаныя да яго», — кажа Майкл Мэдзі, экспэрт па паўночнакарэйскай эліце, спасылаючыся на частыя сумесныя зьяўленьні лідэра КНДР у кампаніі людзей, якія адказваюць за распрацоўку зброі.

«Можна меркаваць, што навукоўцы дасягаюць велізарных вынікаў у сваёй галіне, і тым самым робяць Кім Чэн Ына пасьпяховым лідэрам Паўночнай Карэі», — дадае экспэрт.

Навукоўцы, якія адказваюць за распрацоўку ракет і ядзернай бомбы для Паўночнай Карэі ўнесены ў «чорныя сьпісы» ААН, ЗША і Паўднёвай Карэі. Арганізацыя абʼяднаных нацыяў дадала Ры Хонг Сопа ў сьпіс пэрсонаў, якія трапілі пад санкцыі як удзельніка «вытворчасьці збройнага плютонію», экспэртная група ААН у гэтым годзе адзначыла «ключавую ролю Хонг Сун Му ў ядзернай праграме КНДР», і таксама рэкамэндавала дадаць яго ў санкцыйны сьпіс.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG