Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацька затрыманай у менскім аэрапорце чачэнкі паведаміў, што яна «шчасьлівая, як ніколі»


Луіза Дудуркаева з бацькам
Луіза Дудуркаева з бацькам

Жыхар Чачні Мусьлім Дудуркаеў сказаў нашаму радыё, што ягоная дачка Луіза Дудуркаева пастанавіла вярнуцца дадому і адчувае сябе «шчасьлівай, як ніколі».

Раней паведамлялася, што ў аэрапорце Менску супрацоўнікі міліцыі затрымалі 22-гадовую Луізу Дудуркаеву, ураджэнку Чачні. Луіза зьбегла з Расеі пасьля публікацыі яе фатаграфіі ў інтэрнэт-суполцы, удзельнікі якой перасьледуюць чачэнак, якія, на іх думку, вядуць сябе амаральна. Праваабаронцы дапамаглі ёй атрымаць прытулак і 31 жніўня ёй выдалі дакумэнты ўцекача і шэнгенскую візу ад Нарвэгіі.

Паводле словаў Мусьліма Дудуркаева, яны з жонкай вылецелі ў Менск з Масквы, калі даведаліся, што Луіза прайшла рэгістрацыю і чакае вылету ў адну з скандынаўскіх краінаў.

У Менску яны зьвярнуліся да мясцовых органаў правапарадку з тым, каб ім дазволілі пагаварыць з дачкой у прысутнасьці супрацоўнікаў КДБ Беларусі. Бацькоў папярэдзілі, што Луіза паўналетняя і ва ўладаў Беларусі няма да яе ніякіх прэтэнзіяў.

Дудуркаеў сказаў, што маці і Луіза сустрэліся ў пакоі дазнаньня. Пагаварыўшы з маці ўсяго некалькі хвілінаў, дзяўчына заявіла супрацоўніку КДБ Беларусі, што адмяняе вылет у скандынаўскую краіну і зьяжджае дадому. Луізу папрасілі тое самае сказаць у прысутнасьці адваката і псыхоляга, што яна і зрабіла.

Зусім інакш сустрэчу бацькоў з Луізай у менскім аэрапорце прадставіла нашаму радыё псыхоляг Валянціна Ліхошва, якая была разам зь дзяўчынай.

«[Бацька Луізы] пасадзіў яе вось так да сьценкі, сеў побач зь ёй і пачаў у досыць агрэсіўнай форме з намі размаўляць. Ён так крычаў, што нават супрацоўнікі міліцыі, якія былі ў форме, зрабілі яму заўвагу. Я ня буду паўтараць цяпер тыя абразы, якія намі былі пачутыя. Юрыст сказаў, што няма падставаў для затрыманьня дзяўчыны, і супрацоўнік міліцыі гэта пацьвердзіў. Ён сказаў, што калі ў яе ёсьць жаданьне працягнуць падарожжа ў Хэльсынкі, то яна можа гэта зрабіць, таму што ў Осла мы ляцелі праз Хэльсынкі. Яна прамармытала нешта абсалютна невыразнае. Юрыст спытаў яшчэ раз, сказаўшы, што трэба даць выразны адказ, каб мы разумелі, што цяпер рабіць. Бацька сказаў, што мы аказваем на яе ціск, і Луіза сказала: «Я вяртаюся дадому». Гэта адзінае, што мы зразумелі з таго, што яна сказала. Затым людзі ў цывільным і супрацоўнікі ў форме адвялі іх з бацькам».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG