Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўская славутасьць — дом з плястыкавых бутэлек — трапіла пад плянавы знос


У Магілёве неўзабаве зьнікне адна зь мясцовых адметнасьцяў — дом, аздоблены матэрыялам з плястыкавых бутэлек. Хата, якая сваім выглядам прыцягвала ўвагу мінакоў, пра якую пісалі эўрапейскія часопісы, падпала пад плянавы знос, бо перашкаджае закладаць парк на Падмікольлі.

Гаспадар, 62-гадовы Яўген Кірэеў, хацеў захаваць сядзібу як арт-аб’ект, але чыноўнікі кажуць, што плястыкавая бутэлька ў Беларусі ўжо не экзотыка і гэты матэрыял варта разглядаць як другасную сыравіну, а ня тое, з чаго нешта нехта вырабляе. Чыноўнікі загадалі прыбраць з агароджы плястыкавыя аркі, пагражаючы штрафам.

На аздабленьне сваёй хаты ў казачным стылі Яўген Кірэеў аддаў дзесяць год. Дом упрыгожыў плястыкавымі купаламі ды ліхтарамі, пакрыў плястыкавай дахоўкай. На двары паставіў плястыкавыя арэлі, альтанку ды піраміду. На аздобу пайшло больш за 3,5 тысячы бутэлек. Дапамагалі ўпрыгожваць хату, якую ўзьвяла бабуля гаспадара Еўдакія Бадуліна яшчэ ў вайну, ягоныя дзеці Віялета ды Іван.

Апошнія тры гады, як Яўгену Карпееву паведамілі, што хату зьнясуць, ён яе больш не аздабляе. Нерэалізаванымі засталіся пляны мадэрнізаваць сваю творчасьць, дадаўшы ў яе больш беларускага калярыту. Нягледзячы на занядбаны выгляд «казачнага дому», ён усё роўна прыцягвае ўвагу мінакоў. Прыходзяць нават замежнікі, фатаграфуюцца і кажуць, што нідзе ў сьвеце такога ня бачылі.

Яўген Кірэеў ня хоча пераязджаць у новае жытло, якое дае дзяржава замест яго хаты, ён не разумее пазыцыі чыноўнікаў і кажа, што яны імкнуцца зрабіць так, каб усе дамы выглядалі аднолькава.

Ягонае хобі, кажа ён, вартае таго, каб яму вучыліся дзеці.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG