Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Двое расейцаў названыя арганізатарамі меркаванай спробы дзяржаўнага перавароту ў Чарнагорыі


У Чарнагорыі аднавіўся суд па справе аб спробе дзяржаўнага перавароту. Усяго па гэтай справе праходзяць 25 чалавек, у тым ліку двое расейцаў Эдуард Шышмакоў і Уладзімір Папоў, якіх судзяць завочна.

Напярэдадні слуханьняў 6 верасьня ў прэсе зьявіліся фатаграфіі, якія сьведчаць аб сустрэчах асоб, абвінавачаных у спробе дэстабілізацыі Чарнагорыі. На гэтых здымках фігуруюць Шышмакоў, Папоў, а таксама грамадзянін Сэрбіі Аляксандр Сынджэліч. Ён здаўся чарнагорскім уладам неўзабаве пасьля правалу апэрацыі і атрымаў статус сьведкі, якая супрацоўнічае са сьледзтвам.

Адзін з ключавых абвінавачаных Братыслаў Дыкіч адхіліў у судзе прадʼяўленыя яму абвінавачваньні ў тэрарызьме і стварэньні злачыннай арганізацыі.

Дыкіч — грамадзянін Сэрбіі і былы камандзір сэрбскай жандармэрыі. Яго арыштавалі на тэрыторыі Чарнагорыі разам зь 19 іншымі асобамі непасрэдна перад парлямэнцкімі выбарамі 16 кастрычніка 2016. Па вэрсіі сьледзтва, змоўшчыкі плянавалі захапіць парлямэнт і забіць прэмʼер-міністра Міла Джуканавіча пры садзейнічаньні расейскіх структур.

Дыкіч назваў абвінавачваньні ў яго адрас «выдумкай» і паведаміў суду, што не ведаў пра існаваньне арганізацыі, якая зьбіралася гвалтоўным шляхам скінуць уладу. Паводле яго слоў, ён прыяжджаў у Чарнагорыю, каб наведаць манастыр, а не для ўдзелу ў якіх-небудзь акцыях.

Іншы фігурант гэтай справы — прадстаўнік прарасейскага апазыцыйнага «Дэмакратычнага фронту» Мілан Княжэвіч. Ён заявіў, што падасьць запыт на вяртаньне яму і ягонаму калегу Андрыі Мандзічу канфіскаваных раней пашпартоў для таго, каб яны змаглі наведаць Расею па запрашэньні кіраўніцтва партыі «Адзіная Расея». Княжэвіч і Мандзіч маюць рэгулярныя кантакты з расейскай кіруючай партыяй. Яны сёньня таксама паўсталі перад чарнагорскім судом па абвінавачваньні ў спробе захопу ўлады. Падазраваныя адмаўляюць усе абвінавачваньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG