Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былога піярніка Лукашэнкі пакаралі за расізм у дачыненьні да белых


Тымаці Бэл, брытанскі лорд, PR-кансультант
Тымаці Бэл, брытанскі лорд, PR-кансультант

Вядомая брытанская PR-кампанія Bell Pottinger была выключаная бяз права аднаўленьня цягам пяці гадоў з Брытанскай асацыяцыі PR-кансультантаў (PRCA) у выніку скандалу, выкліканага працай кампаніі ў Паўднёвай Афрыцы.

Асацыяцыя абвінаваціла Bell Pottinger у неаднаразовым парушэньні статуту арганізацыі, кодэксу карпаратыўнай этыкі і распальваньні расавай нянавісьці.

Пра гэта паведамляе расейскі «Коммерсант».

Bell Pottinger, заснаваная ў 1998 годзе лордам Тымаці Бэлам, які ў 70-х гадах быў дарадцам Маргарэт Тэтчэр, мае шырокія сувязі і нярэдка брала як кліентаў неадназначных асобаў. У ліку яе былых кліентаў — Аўгуста Піначэт, Барыс Беразоўскі, Аляксандар Лукашэнка, жонка прэзыдэнта Сырыі Асма Асад.

Нагодай выключыць кампанію з Асацыяцыі сталі абставіны працы Bell Pottinger на паўднёваафрыканскую кампанію Oakbay Capital. Апошняя належыць сямʼі паўднёваафрыканскіх бізнэсоўцаў індыйскага паходжаньня Гупта. У 2016 годзе адзін з братоў Гупта — Атул — увайшоў у лік найбагацейшых людзей Паўднёвай Афрыкі. Сямʼя Гупта падтрымлівае шчыльныя сувязі з урадам прэзыдэнта Джэйкаба Зумы. Як сьцьвярджаюць, сямʼя ўплывае на прызначэньне міністраў ды іншых высокіх чыноўнікаў.

Брытанскія піярнікі з Bell Pottinger прыклалі высілкі, каб адцягнуць увагу грамадзкасьці ад сямʼі Гупта і яе сувязяў з кіраўніцтвам краіны ды пераключыць на іншыя праблемы. У прыватнасьці, на праблему «засільля белага капіталу» у краіне. Кампанія вялася ў тым ліку праз сацыяльныя сеткі пад гэштэгам #WhiteMonopolyCapital (манаполія белага капіталу).

У ліпені сёлета пасьля пачатку расьсьледаваньня Асацыяцыі PR-кансультантаў генэральны дырэктар Bell Pottinger Джэймс Гэндэрсан публічна выбачыўся за дзейнасьць кампаніі ў Паўднёвай Афрыцы. А ў мінулыя выходныя, не чакаючы публікацыі вынікаў расьсьледаваньня, Джэймс Гэндэрсан падаў у адстаўку.

Лорд Бэл і Беларусь

У сьнежні 2012-га ў інтэрнэце зьявілася справаздача кампаніі лорда Бэла Chime Communications зь Вялікай Брытаніі аб працы для паляпшэньня іміджу Беларусі на міжнароднай арэне ў 2008–2009 гадах. Зь беларускага бюджэту за гэты піяр мелася быць заплачана 10 мільёнаў эўраў.

Кантракт беларускага ўраду з лордам Бэлам дзейнічаў адзін год. Ён быў падпісаны ў ліпені 2008 году, а 16 жніўня з турмы быў вызвалены экс-кандыдат на выбарах прэзыдэнта Аляксандар Казулін. Вызваленьне палітвязьняў лорд Бэл назваў адной з прычынаў тагачаснага паляпшэньня іміджу Беларусі і зьняцьця некаторых міжнародных санкцыяў.

Раней лорд Бэл прызнаў, што PR-кампанія Bell Pottinger Group, якая ў 2008–2009 гг. працавала для паляпшэньня іміджу Беларусі і Аляксандра Лукашэнкі на Захадзе, атрымлівала ганарары выключна ад ураду Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG