Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кім Чэн Ын «напрошваецца» на вайну, заявіла прадстаўніца ЗША ў ААН


Амбасадарка ЗША ў ААН Нікі Гэйлі выступае 4 верасьня са зваротам да экстранага пасяджэньня Рады бясьпекі ААН

Амбасадарка ЗША ў ААН Нікі Гэйлі, выступаючы 4 верасьня са зваротам да экстранага пасяджэньня Рады бясьпекі ААН, заклікала да жорсткіх захадаў супраць Паўночнай Карэі.

Пасяджэньне склікалі на запыт ЗША, Японіі, Францыі, Брытаніі і Паўднёвай Карэі пасьля паўночнакарэйскага падземнага ядзернага выпрабаваньня 3 верасьня. Паводле ўладаў КНДР, была апрабаваная вадародная бомба, якую можна ўсталяваць на міжкантынэнтальнай балістычнай ракеце.

Гэйлі заявіла, што «ядзерныя дзяржавы разумеюць свае абавязкі, але [кіраўнік Паўночнай Карэі] Кім Чэн Ын ня мае такога разуменьня». «Яго злоўжываньне запускамі ракет і яго ядзерныя пагрозы паказваюць, што ён напрошваецца на вайну».

«Досыць значыць досыць, — сказала Гэйлі. — Злучаныя Штаты ніколі ня хочуць вайны. Мы ня хочам яе і цяпер. Але цярплівасьць нашай краіны не бязьмежная».

Паводле ацэнкі Гэйлі, «час вычарпаў магчымасьці для дыпляматычных сродкаў, каб скончыць гэты крызіс, а гэта значыць, што трэба хутка прыняць наймацнейшыя захады тут, у Радзе Бясьпекі ААН». «Толькі наймацнейшыятсанкцыі дазволяць нам вырашыць гэтую праблему дыпляматычным шляхам», — заявіла амбасадарка ЗША ў ААН.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG