Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія кібэратакі могуць прывесьці да чалавечых ахвяраў і вайны, кажа кіраўнік МЗС Латвіі


Эдгарс Рынкевічс, міністар замежных справаў Латвіі
Эдгарс Рынкевічс, міністар замежных справаў Латвіі

Расейскія таемныя кібэратакі супраць заходніх краінаў могуць прывесьці да ахвяраў сярод цывільнага насельніцтва і патэнцыйна перарасьці ў ваеннае супрацьстаяньне ў рэальным сьвеце.

Аб гэтым заявіў міністар замежных справаў Латвіі Эдгарс Рынкевічс у інтэрвію брытанскай The Daily Telegraph.

Латвійскі міністар выказаў меркаваньне, што Расея можа скарыстацца маштабнымі вучэньнямі ў Беларусі ў верасьні, каб выпрабаваць устойлівасьць NATO перад «гібрыднай вайной» у поўным абʼёме, уключаючы прапаганду і кібэратакі, якія Масква раней выкарыстоўвала супраць Украіны.

«Я вельмі занепакоены тым, што гэтая прыхаваная кібэрвайна можа выйсьці на той узровень, калі мы ўжо не будзем казаць аб нападах на банкі або выплаце выкупу» — адзначыў Рынкевічс.

У нейкі момант загінуць людзі.

«У нейкі момант загінуць людзі, — сказаў ён. — Калі адбудзецца абвал сыстэмаў бясьпекі альбо калі шпіталі будуць пакінутыя без электраэнэргіі, я баюся, што такая актыўнасьць можа справакаваць цалкам рэальнае нарошчваньне ваеннай моцы».

Паводле міністра, калі напады прывядуць да ахвяраў і будзе адсочаная іх крыніца, дык гэта можа выклікаць рэальнае ваеннае супрацьстаяньне.

«Захад-2017» як наступальныя вучэньні

Кіраўнік МЗС Латвіі зьвязаў кібэрпагрозы з беларуска-расейскімі вучэньнямі «Захад-2017», якія пройдуць 14-20 верасьня.

«Мы не памыляемся наконт вучэньняў „Захад-2017“ — адзначыў кіраўнік латвійскага зьнешнепалітычнага ведамства. — Гэта не абарончыя вучэньні — па сваёй прыродзе гэта наступальныя вучэньні». «Ёсьць імавернасьць, што яны шырэй, чым проста канвэнцыйныя ваенныя вучэньні. Мы не можам выключыць інцыдэнты і правакацыі, якія ўключаюць выпрабаваньне нашай абароны ў кібэрпрасторы» — заявіў Эдгарс Рынкевічс у інтэрвію The Daily Telegraph.

Варта прыгадаць, што 19 ліпеня сёлета міністар Рынкевічс падчас візыту ў Беларусь і сустрэчы са сваім беларускім калегам Уладзімерам Макеем сказаў: «Латвія больш ня мае пытаньняў пра вучэньні "Захад-2017“»

Выступаючы тады ж перад журналістамі, кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Латвіі сказаў: «Мой калега мне падрабязна і шчыра расказаў пра вайсковыя вучэньні расейцаў і беларусаў, пасьля чаго ў мяне больш няма пытаньняў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG