Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У інтэрнэце зьбіраюць подпісы супраць бюджэтнага фінасаваньня беларускага футболу


Новая форма зборнай Беларусі па футболе
Новая форма зборнай Беларусі па футболе

На інтэрнэт-плятформе petitions.by распачаты збор подпісаў з заклікам спыніць фінансаваньне прафэсійных футбольных клюбаў са сродкаў дзяржаўнага бюджэту Беларусі. Пэтыцыю падпісалі ўжо звыш 2000 чалавек.

Пэтыцыя мае быць накіравана праз 13 дзён у Міністэрства спорту і турызму Беларусі.

Яе аўтары лічаць, што цяперашнюю сыстэму падтрымкі прафэсійных клюбаў і падрыхтоўкі прафэсійных футбалістаў у Беларусі неабходна прызнаць неэфэктыўнай, спыніўшы дзяржаўную падтрымку прафэсійнаму футболу пры адсутнасьці спартыўных вынікаў.

У пэтыцыі падаецца шэраг аргумэнтаў:

  • пастаянныя няўдалыя выступы нацыянальнай зборнай Беларусі па футболе ў адборачных турнірах да чэмпіянатаў сьвету 2010, 2014, 2018 і Эўропы 2008, 2012, 2016 гадоў;
  • няўдалы выступ моладзевай зборнай Беларусі па футболе ў адборачных турнірах да чэмпіянатаў Эўропы 2013, 2015, 2017 гадоў;
  • нерэгулярны ўдзел беларускіх футбольных клюбаў у групавых этапах розыгрышаў эўрапейскіх клюбных турніраў (Ліга чэмпіёнаў УЭФА, Ліга Эўропы);
  • падзеньне цікавасьці гледачоў да прафэсійнага футболу ў Беларусі.

Аўтары пэтыцыі прапануюць унесьці зьмены ў прэзыдэнцкі ўказ № 191 «Аб аказаньні падтрымкі арганізацыям фізычнай культуры і спорту» ды забараніць надаваць прафэсійным футбольным клюбам падатковыя льготы; субсыдыі за кошт мясцовых бюджэтаў, бязвыплатную дапамогу ў выглядзе грашовых сродкаў, паслуг, маёмасьці і маёмасных правоў ад дзяржаўных арганізацый; усе іншыя віды бязвыплатнай падтрымкі ад дзяржаўных арганізацый.

Паводле ініцыятараў пэтыцыі, дзяржаўная падтрымка можа аказвацца выключна для разьвіцьця дзіцяча-юнацкага футболу.

На мінулым тыдні зборная Беларусі па футболе пацярпела паразы ад камандаў Люксэмбургу і Швэцыі ў кваліфікацыі да ЧС-2018. Цяпер беларускія футбалісты займаюць апошняе месца ў адборачнай групе «А».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG