Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія заканадаўцы хочуць выдвараць замежнікаў за «непажаданыя паводзіны»


Пасяджэньне Савету Фэдэрацыі Расеі
Пасяджэньне Савету Фэдэрацыі Расеі

Камісія Савету Фэдэрацыі па абароне дзяржаўнага сувэрэнітэту распрацоўвае законапраект, які прадугледжвае крымінальную адказнасьць для расейцаў, а для замежнікаў — высяленьне з Расеі — за «непажаданыя паводзіны».

Пра гэта напісалі «Известия» са спасылкай на крыніцу. Інфармацыю пацьвердзіў кіраўнік камісіі Андрэй Клімаў.

«Непажаданымі» будуць лічыць дзеяньні, якія наносяць шкоду нацыянальнай бясьпецы Расеі. Гаворка можа весьціся як аб «распальваньні нацыянальнай і рэлігійнай нянавісьці і палітычнай варожасьці», так і аб патэнцыйным умяшаньні ў выбарчы працэс краіны. Акрамя таго, як адзначае выданьне, «непажаданай» можа быць прызнаная «праца звонку» з моладзьдзю.

«Нашы заакіянскія партнэры сыстэматычна ўмешваюцца ў нашы справы, — сказаў Клімаў расейскім журналістам. — Цяпер мы займаемся маніторынгам перадвыбарнай сытуацыі і аналізуем тое, якімі мэтадамі спрабавалі ўмешвацца ва ўнутраныя справы Расеі. У прыватнасьці, хочам прасачыць рух грошай, якія па розных каналах перасылаюцца з Вашынгтону на дзейнасьць розных арганізацый».

Законапраект можа быць унесены ў Дзяржаўную Думу ў пачатку 2018 году. Ён дапоўніць прыняты два гады таму закон «Аб непажаданых арганізацыях». Расейскія і замежныя праваабаронцы неаднаразова выступалі з крытыкай гэтага закону.

Камісія па абароне дзяржаўнага сувэрэнітэту была створана ў чэрвені. Яе мэтай у Савеце Фэдэрацыі назвалі барацьбу з умяшаньнем ва ўнутраныя справы Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG