Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Багатым сьвет адкрыты: дзе і за колькі можна атрымаць замежны пашпарт


Адзін з двух астравоў дзяржавы Сэнт-Кітс і Нэвіс
Адзін з двух астравоў дзяржавы Сэнт-Кітс і Нэвіс

Сёньня атрымаць грамадзянства некаторых замежных краінаў можна за грошы, прытым, не абавязкова пражываць у гэтых краінах

Можна, напрыклад, купіць дом коштам ня менш за 400 тысяч даляраў у Сэнт-Кітс і Нэвіс, астраўной дзяржаве ў Карыбскім моры, якая ўваходзіць у Брытанская садружнасьць, — і пашпарт, які дазваляе ўяжджаць бязь візы ў 131 краіну сьвету, у вас у кішэні. Прыяжджаць у Сэнт-Кітс і Нэвіс наогул не абавязкова. Можна атрымаць пашпарт і за меншую суму — тады трэба ўнесьці 250–350 тысяч даляраў у дабрачынны Фонд дывэрсыфікацыі цукровай прамысловасьці Сэнт-Кітс і Нэвіс. Праграма продажу пашпартоў на гэтых двух астравах працуе з 1984 году.

Прыблізна паводле такой самай схемы можна купіць пашпарты некаторых іншых карыбскіх краінаў:

Антыгуа і Барбуда — таксама астраўная дзяржава ў Карыбскім моры, таксама ўдзельнік Брытанскай садружнасьці. Для атрыманьня грамадзянства неабходна ўкласьці ў Нацыянальны фонд разьвіцьця як мінімум 250 тысяч даляраў або набыць жытло агульным коштам ня менш за 400 тысяч. Пасьля атрыманьня грамадзянства абавязкова жыць на востраве ня менш за сем дзён на год. Пашпарт дае магчымасьць уяжджаць бязь візы ў 129 краінаў, атрымаць яго можна за 4–6 месяцаў.

Дамініканская рэспубліка таксама ў Карыбскім моры. За пашпарт трэба заплаціць наўпрост дзяржаве — ад 100 тысяч даляраў на аднаго чалавека да 200 тысяч для сям’і з двума непаўналетнімі дзецьмі (калі сямейнікаў больш, то за кожнага дадатковага сваяка бяруць яшчэ па 50 тысяч даляраў). З пашпартам Дамініканскай рэспублікі можна ўяжджаць бязь візы ў больш чым 50 краінаў, у тым ліку ў Вялікабрытанію.

Дамініка — дзяржава на аднайменным востраве з групы Малых Антыльскіх астравоў у Карыбскім моры. Праграма продажу пашпартоў дзейнічае з 1993 году, дакумэнт каштуе ад 100 тысяч на чалавека, прычым знаходзіцца на востраве не абавязкова.

Сэнт-Люсія, якая знаходзіцца недалёка ад Дамінікі, пачала прадаваць грамадзянства з 2016 году. Інвэстыцыі — ад 100 тысяч даляраў, ехаць туды ня трэба. Пашпарт гарантуе бязьвізавы ўезд у краіны Шэнгену, Вялікабрытанію, Ірляндыю, амаль усю Паўднёвую Амэрыку.

Сваё грамадзянства прадаюць і краіны Эўразьвязу. Адной зь першых гэты накірунак «эканамічнага разьвіцьця» асвоіла Мальта — 880 тысяч эўра на чалавека, і ўся сям’я — шчасьлівы ўладальнік эўрапейскага пашпарту.

У 2011 годзе аналягічныя схемы ўвялі Аўстрыя, Вугоршчына і Кіпр. Аўстрыя не раскрывае кошту свайго грамадзянства, але патрабуе ад прэтэндэнтаў асаблівых талентаў або неардынарных гісторый посьпеху ў мінулым; пашпартным вугорцам можна стаць за суму ад 360 тысяч эўра; Кіпр просіць за свой пашпарт 2,5 мільёнаў эўра.

У шмат якіх іншых краінах (прыкладам, у Латвіі, Вялікабрытаніі, Канадзе, ЗША) таксама дзейнічаюць інвэстыцыйныя праграмы надаваньня грамадзянства, але яны патрабуюць некалькі гадоў пражываньня ў краіне: інвэстар атрымлівае від на жыхарства, і толькі праз некалькі гадоў грамадзянства. Фактычна, за крыху даўжэйшы час у некаторых з гэтых краінаў можна атрымаць грамадзянства і звычайным парадкам, без усялякіх грошай — калі, вядома, прыдумаць, як туды ўехаць і атрымаць права на працу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG