Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп прапанаваў на пасаду галавы NASA палітыка


Прэзыдэнт Дональд Трамп падпісаў распараджэньне аб прызначэньні на «ключавыя пасады» ў сваёй адміністрацыі 39 чыноўнікаў. У гэтым сьпісе — кіраўнікі, начальнікі дэпартамэнтаў і намесьнікі кіраўнікоў розных фэдэральных ведамстваў, паслы і прадстаўнікі ЗША ў міжнародных арганізацыях.

У апошнія месяцы палітыкі ў Вашынгтоне неаднаразова выступалі з крытыкай кадравай палітыкі адміністрацыі, падкрэсьліваючы, што большая частка ключавых пастоў у фэдэральных міністэрствах і ведамствах дагэтуль застаюцца вакантнымі.

Адно з рашэньняў прэзыдэнта — аб прызначэньні на пасаду дырэктара Нацыянальнага аэракасьмічнага агенцтва (NASA) кангрэсмэна-рэспубліканца ад штата Аклахома Джыма Брайдэнстайна ўжо выклікала абураныя заявы прадстаўнікоў абедзьвюх партый у Кангрэсе ЗША.

Сэнатар-рэспубліканец Марка Рубіа і яго калега — дэмакрат Біл Нэльсан, якія прадстаўляюць штат Фларыда, у распаўсюджанай раніцай у суботу заяве паведамілі, што абмеркаваньне кандыдатуры новага кіраўніка касьмічнага ведамства можа справакаваць новы «віток палітычнага супрацьстаяньня ў Сэнаце».

«Кіраўніком NASA павінен стаць не палітык, а прафэсіянал у касьмічнай галіне, — растлумачыў сэнатар Нэльсан. — Нязгоду з гэтым прызначэньнем ужо выказалі прадстаўнікі абедзьвюх партый, і гэта аднадушнасьць лішні раз падкрэсьлівае, наколькі вялікае значэньне для краіны мае касьмічная праграма».

Усе прэтэндэнты на новыя пасады павінны будуць у бліжэйшыя тыдні прайсьці працэдуру зацьвярджэньня ў Кангрэсе ЗША.

XS
SM
MD
LG