Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саакашвілі заяўляе пра затрыманьне ў Кіеве ягонага брата і падрыхтоўку да дэпартацыі


Міхаіл Саакашвілі сёлета ў жніўні, Варшава

Колішні прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі, які з траўня 2015-га да лістапада 2016 году ўзначальваў Адэскую абласную дзяржаўную адміністрацыю, а сёлета ў ліпені пазбаўлены ўкраінскага грамадзянства, заяўляе пра затрыманьне ў Кіеве ягонага брата Давіда.

«Сёньня на досьвітку восем прадстаўнікоў МУС Авакава затрымалі майго брата Давіда Саакашвілі, калі ён выходзіў з будынку ў Кіеве, і вывезьлі ў невядомым накірунку. Ён юрыст, меў пасьведчаньне пра пражываньне ва Ўкраіне. Мабыць, такім чынам спрабуюць паўплываць на мяне, каб я перадумаў вяртацца», — паведаміў Міхаіл Саакашвілі на сваёй старонцы у Facebook .

Паводле яго, напярэдадні ўкраінская ўлада ўмацавала памежныя пункты на заходняй мяжы Ўкраіны мабільнымі групамі, абы не дапусьціць ягонага прыезду ва Ўкраіну. Саакашвілі сьцьвярджае, што ў складзе мабільных групаў ёсьць і прадстаўнікі былога спэцпадразьдзяленьня «Бэркут».

У сваю чаргу дарадца міністра ўнутраных спраў Украіны Ільля Ківа заявіў, што Давід Саакашвілі затрыманы за «парушэньне рэжыму знаходжаньня ва Ўкраіне». «Міграцыйная служба і паліцыя затрымалі яго і рыхтуюць да дэпартацыі», — адначыў ён.

У той жа час афіцыйныя органы — Дзяржаўная міграцыйная служба, Нацыянальная паліцыя ды Служба бясьпекі Ўкраіны — пакуль не камэнтуюць сытуацыю.

Раней Міхаіл Саакашвілі заявіў аб плянах вярнуцца ва Ўкраіну 10 верасьня.

У канцы ліпеня прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка падпісаў указ аб пазбаўленьні экс-кіраўніка Адэскай вобласьці ўкраінскага грамадзянства. У Кіеве сьцьвярджаюць, што пры запаўненьні дакумэнтаў палітык не паказаў, што ён знаходзіцца пад сьледзтвам, хоць быў завочна арыштаваны ў Грузіі. Саакашвілі гэтую інфармацыю абаяргае.

Улады Грузіі абвінавачваюць Міхаіла Саакашвілі ў зьбіцьці дэпутатаў парлямэнту, растраце каля 4 мільёнаў даляраў, разгоне мірнага мітынгу ў лістападзе 2007 году і датычнасьці да разгрому тэлекампаніі «Імэдзі». Кіеў некалькі разоў адмаўляўся выдаць палітыка грузінскаму боку.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG