Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка павіншаваў удзельнікаў Дня беларускага пісьменства ў «калысцы дзяржаўнасьці»


Полацак ў сярэднявеччы. Выява з кнігі «Айчына» Ўладзімера Арлова і Паўла Татарнікава
Полацак ў сярэднявеччы. Выява з кнігі «Айчына» Ўладзімера Арлова і Паўла Татарнікава

Віншаваньне са сьвятам культуры, асьветы і духоўнасьці разьмешчана на прэзыдэнцкім сайце па-беларуску.

«Сталіцай сьвяткаваньня Дня пісьменства стаў старажытны Полацак — калыска нашай дзяржаўнасьці. Сëлета горад адзначае 1155-годзьдзе. Менавіта тут нарадзіўся вялікі Францыск Скарына, які 500 гадоў таму надрукаваў першую беларускую кнігу», — гаворыцца ў віншаваньні ад імя Лукашэнкі.

Далей ён адзначае, што друкаванае слова, веды, любоў да роднай зямлі былі і застаюцца невычэрпнай крыніцай сілы і мудрасьці народа, яго нястрымнага імкненьня да свабоднага і справядлівага жыцьця.

«Упэўнены, што цяперашнія ўрачыстасьці надоўга застануцца ў памяці і будуць натхняць нас на плëнную працу дзеля росквіту Радзімы. Імпрэзы, прысьвечаныя гэтай падзеі, год ад году набываюць усë больш глыбокі сэнс, бо яны вяртаюць нас да сваіх вытокаў, выклікаюць пачуцьцë нацыянальнай годнасьці. Сьвята стала сведчаньнем адраджэньня нашых лепшых традыцый, сапраўдным сымбалем незалежнасьці Беларусі».

Лукашэнка, углядаючыся ў шматвековую гісторыю Беларусі, пераконваецца ў тым, наколькі значны ўнёсак зрабілі славутыя землякі — асьветнікі, навукоўцы, літаратары, музыкі, мастакі — ва ўсясьветную духоўна-культурную скарбніцу.

Пры канцы ён пажадаў удзельнікам і гасьцям сьвята моцнага здароўя, дабрабыту, міру і шчасьця.

Дзень беларускага пісьменства адзначаецца ад 1994 году. Упершыню сьвята прайшло ў Полацку.

Сёлета ў рамках імпрэзы адбудзецца прэм’ера фільму «Першадрук» пра Францішка Скарыну, урачыста адкрыюць памятны знак «Полацак — калыска беларускай дзяржаўнасьці» — на бронзавых шчытах адлітыя выявы Рагвалода, Рагнеды, Усяслава Чарадзея, Эўфрасіньні Полацкай ды іншых гістарычных асобаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG