Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акторка Купалаўскага тэатру і сьпявачка Ганна Хітрык зьяжджае ў Ізраіль


Акторка і сьпявачка Ганна Хітрык
Акторка і сьпявачка Ганна Хітрык

На старонцы музычнага гурту Sounduk у сацыяльных сетках зьявілася інфармацыя пра тое, што вакалістка Ганна Хітрык і яе сябры неўзабаве дадуць разьвітальны канцэрт.

«Наша сяброўка, натхніцелька і салістка гурту Аня Хітрык зь сям’ёй зьяжджае на ПМЖ у Ізраіль, — напісалі сёньня музыкі. — Навіна гэтая стала нечаканай і для нас, і для яе — дакумэнты на магчымасьць пераезду ў Ізраіль яны падалі яшчэ ў 2015 годзе. Ці будзе Ганна прыяжджаць у Беларусь? Спадзяемся, што так!».

Сама Ганна Хітрык патлумачыла, што ў дадзеным выпадку ўсё робіцца дзеля яе сына Сьцяпана, у якога аўтызм. Некалькі гадоў таму ізраільскія спэцыялісты дапамаглі сям’і жыць з такім дыягназам, а Ганна пасьля гэтага працавала ў «Цэнтры дапамогі аўтычным дзецям».

Кожная мама на маім месцы зрабіла б тое, што мы робім

«Усё гэта складана і досыць нечакана. Кожная мама на маім месцы зрабіла б тое, што мы робім. У мяне пытаюць: „Чым ты будзеш там займацца?“. Я ня думаю пра гэта. Галоўнае, што там будуць рабіць для майго дзіцяці! Песьні — мая душа, а душы пазбавіцца немагчыма! Гэта яшчэ не канец гісторыі! Наперадзе новыя ролі», — зьвярнулася да сваіх прыхільнікаў Ганна Хітрык.

Апошні канцэрт гурту Sounduk (прынамсі ў гэтым сэзоне) адбудзецца ў дзень нараджэньня калектыву, 2 кастрычніка, у сымбалічным месцы — на сцэне Купалаўскага тэатру. Ганна шмат гадоў аддала найстарэйшаму беларускаму тэатру, была яго сапраўднай зоркай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG