Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менчука, які агаліўся перад калёнай танкаў, пакаралі 2 гадамі турмы


Павал Труханаў у судзе

Судзьдзя Цэнтральнага раённага суду Менску Юлія Гуштыр асудзіла на 2 гады зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму менчука Паўла Труханава, які падчас рэпэтыцыі вайсковага параду агаліўся перад калёнай вайсковай тэхнікі.

24 чэрвеня падчас рэпэтыцыі параду малады чалавек выйшаў на праезную частку вуліцы Арлоўска​й і агаліўся перад калёнай вайсковай тэхнікі. Труханава прызналі вінаватым у хуліганстве і нападзе на міліцыянта, які спрабаваў яго спыніць.

Пракурор прасіў больш

Пракурор Максім Чупрыс першапачаткова папрасіў пакараць падсуднага 3 гадамі пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.

На яго перакананьне, Труханаў паказваў вайскоўцам палавыя органы, каб прадэманстраваць пагарду да нормаў маралі. Пры гэтым пракурор папрасіў суд выключыць з абвінавачаньня некаторыя моманты, бо не знайшлося доказаў, што Труханаў напаў на супрацоўніка ДПС Клешчанку з прычыны помсты. Мяркуючы па ўсім, матывамі маглі быць хуліганства і намер перашкодзіць міліцыянту ў ягонай працы.

Пракурор Максім Чупрыс
Пракурор Максім Чупрыс

Адвакат Паўла Труханава прасіў суд улічыць, што ў абвінавачанага на ўтрыманьні паўтарагадовая дачка, а жонка пасьля родаў безь ягонай дапамогі ня справіцца зь яе выхаваньнем. Ён прасіў суд выбраць пакараньне, не зьвязанае з пазбаўленьнем волі.

Падсудны ў апошнім слове выбачыўся перад пацярпелым міліцыянтам Барысам Клешчанкам і перад усімі, каго зьняважыў сваім учынкам. І таксама прасіў суд не караць яго пазбаўленьнем волі.

На пытаньне, ці будзе прысуд абскарджаны, жонка падсуднага Кацярына адказала: «Канечне, а як мне далей жыць?»

Жонка асуджанага: «гэта нэрвовы зрыў і алькаголь»

Пасьля абвяшчэньня прысуду жонка асуджанага не хавала сьлёз, а ў калідоры загаласіла. «Што я скажу дачцэ, дзе тата?!» — залівалася сьлязьмі Кацярына Труханава.

Раней, выступаючы ў судзе ў якасьці сьведкі, яна назвала мужа «найлепшым у сьвеце бацькам».

Кацярына Труханава пасьля нараджэньня дачкі захварэла, у яе праблемы з нагамі. Паводле маладой жанчыны, яна стала ахвярай халатнасьці мэдыкаў, якія назіралі за ёй падчас цяжарнасьці.

Цяпер, па словах Кацярыны, даглядаць дзіця ёй цяжка — «бывае, на гаршчок не магу пасадзіць» — і ў выхаваньні ёй моцна дапамагаў муж.

Пра падзеі 24 чэрвеня яна казала, што яны выклікалі таксі, каб паехаць з гасьцей дадому, але на вуліцы Арлоўскай машына трапіла ў затор з прычыны праходу вайсковай тэхнікі.

У іх узьнікла спрэчка з Паўлам, які быў нападпітку і перад гэтым шмат нэрваваўся. У выніку яна забрала з аўто дзіця і дабралася дадому грамадзкім транспартам. Што адбылося за гэты час з мужам — даведалася толькі раніцай.

Учынак мужа Кацярына тлумачыць «нэрвовым зрывам і алькаголем». Яна казала ў судзе, што яны з мужам ніякіх навінавых сайтаў не чытаюць і ў палітыку ня лезуць.

Таксама яна наракала на цяжкае матэрыяльнае становішча.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG