Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Моладзь БНФ» распачала выбарчую кампанію ў мясцовыя саветы дэпутатаў


Збор подпісаў вядуць актывісты «Моладзі БНФ»

Старт перадвыбарчай кампаніі даў кіраўнік арганізацыі Юры Лукашэвіч, які вылучаецца кандыдатам у дэпутаты па Залінейным раёне гораду Барысава. Разам зь некалькімі актывістамі ён узяўся зьбіраць подпісы за будаўніцтва новай сучаснай паліклінікі на тэрыторыі раёну.

«Старая паліклініка № 3 ня ў лепшым стане, — кажа Юры Лукашэвіч. — Не хапае кваліфікаваных спэцыялістаў, няма якаснага абсталяваньня, з гэтай прычыны людзям ня могуць на належным узроўні аказаць мэдычныя паслугі. Нават каб проста прайсьці абсьледаваньне, даводзіцца езьдзіць у іншыя паліклінікі гораду, што, зразумела, нязручна для жыхароў раёну. Таму спадзяёмся, што наша ініцыятыва дасьць свае вынікі: нават калі і не пабудуць новую, прынамсі прывядуць існуючую ў належны стан».

Паводле актывістаў, людзі пазытыўна рэагуюць на ініцыятыву і актыўна падпісваюцца. Шмат хто казаў, што даўно трэба было заняцца гэтай праблемай, бо цяперашняя мэдустанова не спраўляецца са сваім прызначэньнем.

Юрась Лукашэвіч
Юрась Лукашэвіч

Пасьля збору подпісаў актывісты абышлі раён. Першае, што кідаецца ў вочы, гэта дрэнныя дарогі. Шмат дзе наагул няма асфальту, а там, дзе ёсьць, ён увесь пабіты і ў ямінах. Дрэнныя дарогі нязручныя як для аўтамабілістаў, так і для пешаходаў — падвышаецца небясьпека надзвычайных здарэньняў.

Наведалі актывісты і мясцовы пляж, які апошнім часам таксама заняпаў. Навакольле зарасло высокай травой, цэлыя кавалкі пляжа шмат дзе затопленыя, нават дабрацца да вадаёму праблематычна.

«Падчас абыходу акругі ўдалося выявіць найбольш відавочныя праблемы, — удакладняе каардынатар кампаніі Дзяніс Мандзік. — Акрамя таго, мы паразмаўлялі зь мясцовымі жыхарамі, што дазволіла скласьці ўражаньне пра сёньняшнюю сытуацыю ў раёне. Працы наперадзе будзе шмат, бо праблемаў у акрузе сапраўды нямала. Але для іх вырашэньня мы гатовыя закасаць рукавы».

Бліжэйшым часам распачне свае кампаніі першая дзясятка падрыхтаваных кандыдатаў ад «Моладзі БНФ». Агулам арганізацыя мае выставіць на мясцовыя выбары паўсотні кандыдатаў.

XS
SM
MD
LG