Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія кампаніі заявілі, што не пастаўлялі санкцыйную прадукцыю ў Расею


Ілюстрацыйнае фота. Так у Расеі зьнішчаюць санкцыйныя прадукты. 2015 год

Беларускія кампаніі ТАА «Газ Венчурэ» і ТАА «Глобалкастом» запярэчылі Фэдэральнай службе Расеі, якая абвінаваціла іх у кантрабандзе санкцыйнай прадукцыі.

У кампаніі «Газ Венчурэ» карэспандэнту Свабоды заявілі, што не займаюцца пастаўкамі санкцыйнай прадукцыі ў Расею. Ад іншых камэнтароў там адмовіліся.

Кампанія «Глобалкастом» заявіла, што яе спэцыялізацыяй не зьяўляецца пастаўка харчоў і яна ня мае адносінаў да пастаўкі санкцыйных харчоў у Расею. Да таго ж ні кампанія, ні яе расейскія партнэры не атрымлівалі прэтэнзій ад расейскіх кантрольных органаў.

«Цяпер кампанія прадугледжвае меры па абароне сваёй дзелавой рэпутацыі і абвяржэньня ангажаванай інфармацыі з артыкула rbc.ru».

Кампанія тлумачыць, што пастаўкі любых харчоў уключна з санкцыйнымі «падвяргаюцца як мінімум чатыром ступеням праверкі кампэтэнтнымі органамі»:

«Вялікая ёмістасьць садавінагародніннага рынку Расеі прадвызначае наяўнасьць і зацікаўленасьць нядобрасумленных суб’ектаў гаспадараньня ў Расеі ў пераарыентацыі легальных таварных патокаў, у тым ліку праз дыскрэдытацыю беларускіх прадпрыемстваў у СМІ. Гэтае меркаваньне пацьвярджаецца неаднаразовымі выпадкамі выкарыстаньня рэквізытаў ТАА „Глобалкастом“ пры нелегальным перамяшчэньні тавараў іншымі суб’ектамі гаспадараньня, якія выяўляліся кампэтэнтнымі органамі Беларусі і Расеі».

Раней РУП «Белмытнясэрвіс» заявіла, што ажыцьцяўленьне паставак у Расею ішло толькі ў адпаведнасьці з мытным заканадаўствам. Пры ўвозе на тэрыторыю Расеі тавар праходзіў праверку на стацыянарных пастах Рассельгаснагляду, таму санкцыйныя харчы трапіць у РФ не маглі.

Фэдэральная служба Расеі 28 жніўня абвінаваціла 29 расейскіх кампаній у пастаўках санкцыйных прадуктаў у Расею. Пад падазрэньне трапілі фірмы, якія мелі кантракты зь беларускімі пастаўшчыкамі — РУП «Белмытнясэрвіс», ТАА «Газ Венчурэ», ТАА «Глобалкастом».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG