Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віетнам запрашае Беларусь будаваць мэтро і нацыянальную бібліятэку ў Ханоі


Ілюстрацыйнае фота. Аляксандар Лукашэнка і прэзыдэнт Віетнаму Чан Дай Куанг

Беларусь мае вялікае жаданьне ўдзельнічаць ва ўзьвядзеньні двух буйных аб’ектаў у сталіцы Віетнама — Ханоі: мэтро і Нацыянальнай бібліятэкі. Пра гэта 31 жніўня сказаў амбасадар Віетнама ў Беларусі Ле Ань.

Адказваючы на пытаньне Свабоды, наколькі рэальная гэтая справа, амбасадар сказаў:

«У Ханоі ўжо пабываў віцэ-прэм’ер беларускага ўраду Ўладзімер Сямашка, які вёў адпаведныя перамовы. Пасьля гэтага ў Менск прыяжджала дэлегацыя з Ханою, якая таксама абмяркоўвала сытуацыю.

Грошы на будаўніцтва мэтро і Нацыянальнай бібліятэкі нашай краіне выдзелілі міжнародныя арганізацыі. Фінансаваньне ёсьць. Але зразумела, што мы абавязкова правядзем тэндэр. Ягоны пераможца і будзе адказным за ўсё будаўніцтва.

На тэндэрах часта здараюцца сытуацыі, калі дзьве краіны ці дзьве фірмы прапаноўваюць аднолькавыя ўмовы. І тады краіна-гаспадар вырашае, каму аддаць перавагу. Таму і мы будзем улічваць дружалюбнасьць той ці іншай краіны да нашай. І тут Беларусь мае перавагу».

За першую палову 2017 году таваразварот паміж Беларусьсю і Віетнамам склаў 74,2 мільёна даляраў. Амбасадар Ле Ань спадзяецца, што гэта лічба істотна павялічыцца пад канец году дзякуючы заводу грузавой тэхнікі, які беларусы пабудавалі ў Віетнаме.

Эканаміст Леў Марголін даволі скептычна ставіцца да гэтага праекту:

Леў Марголін
Леў Марголін

«Вытворчая база мала што дае. Галоўнае, каб там была рамонтная база. Калі трактар зламаўся, хоць гэтага і не павінна быць, то рамонтная брыгада павінна быць на месцы не пазьней як за дзьве гадзіны. Калі такога няма, то няма прынцыповай розьніцы, дзе вырабляць тэхніку — у Менску ці ў Ханоі.

У ЗША, у Эўропе грузавая тэхніка працуе столькі, колькі прадугледжана яе канструкцыяй. Пасьля гэтага яе мяняюць. А калі краіна беднаватая, то там тэхніку латаюць».

Гэтыя словы экспэрта пацьвярджае і статыстыка гандлю. Аўтамабіляў і трактароў Віетнам сёлета купіў у Беларусі на 1,8 мільёна даляраў, а запчастак да грузавой тэхнікі — на 1,9 мільёна.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG