Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці зьбіраецца Лукашэнка кіраваць вечна? Спрачаюцца Віталь Цыганкоў і Валер Карбалевіч


Аляксандар і Мікалай Лукашэнкі зьбіраюць бульбу на «прэзыдэнцкім полі»
Аляксандар і Мікалай Лукашэнкі зьбіраюць бульбу на «прэзыдэнцкім полі»

Што больш выгадна і бясьпечна для кіраўніка Беларусі — трымацца за ўладу альбо рыхтаваць пераемніка?

Аргумэнты Валера Карбалевіча, чаму Аляксандар Лукашэнка зьбіраецца кіраваць вечна

1. Аляксандар Лукашэнка — фанатык улады. Для яго ўлада — звышкаштоўнасьць, параўнальная з жыцьцём, а можа, нават важнейшая за жыцьцё. Імкненьне да ўлады для яго важнейшае за інстынкт самазахаваньня.

2. Аляксандру Лукашэнку няма куды вяртацца. Нічога іншага, акрамя неабмежаванага ўладараньня, ён ня ўмее рабіць. А статус простага пэнсіянэра яго не задаволіць.

3. Аляксандар Лукашэнка асьцерагаецца таго, што калі ён страціць ўладу, то ўзьнікне пагроза ягонай бясьпецы, ён можа трапіць у турму:

а) бо ён нікому ня верыць, хто б яму не гарантаваў бясьпеку;

б) любыя гарантыі, нават канстытуцыйныя, зьяўляюцца недастатковымі. Бо нават Канстытуцыю можна зьмяніць.

4. У пэрсаналісцкіх рэжымах адсутнічае мэханізм перадачы ўлады іншай асобе. Таму раптоўнаму зьнікненьню першай асобы зь вяршыні ўладнай вэртыкалі, як правіла, спадарожнічае палітычны крызыс.

5. Верагоднасьць рэвалюцыі ў Беларусі невялікая з шмат якіх прычынаў. Беларусы — законапаслухмяныя людзі. Рэжым даволі кансалідаваны. Існуе магчымасьць індывідуальнага выйсьця, калі тыя, каму не падабаецца тут жыць, могуць лёгка зьехаць за мяжу.

6. Наўрад ці эвалюцыя беларускай сацыяльнай мадэлі прывядзе да сыстэмных зьменаў. Не дзеля таго Аляксандар Лукашэнка ствараў рэжым аднаасобнай улады, каб самому ўвесьці мэханізм стрыманьня і процівагі. Досьвед гарбачоўскай перабудовы, які Лукашэнка добра ўсьвядоміў, паказаў, што лібэралізацыя палітычнага рэжыму стварае вялікую пагрозу для яго.

Аргумэнты Віталя Цыганкова, чаму Аляксандар Лукашэнка ня будзе кіраваць вечна:

1. У Лукашэнкі самога можа зьявіцца жаданьне сысьці. Любая прага, нават прага ўлады, з узростам слабее. У гісторыі бывала, калі самыя доўгажыхары адыходзілі ад улады. Жазэ Эдуарду душ Сантуш, прэзыдэнт Анголы ад 1979 году, цяпер сыходзіць з улады, і ягоным пераемнікам становіцца Жуан Ларэнсу, які гарантуе бясьпеку і душ Сантушу, і сям’і.

2. Лукашэнка можа рацыянальна разумець, што пытаньне пераемніка можа быць для яго найлепшым выйсьцем. Пераемнік можа гарантаваць бязьбеднае і спакойнае жыцьцё. Да таго ж варыянт пераемніка можа быць у палітычным сэнсе яму найбольш выгадны. Калі пры наяўнасьці нейкіх посьпехаў цяперашні кіраўнік сыходзіць, а потым наступныя правалы валяцца на пераемніка.

3. Нельга лічыць, што Лукашэнка няздольны на рацыянальныя ўчынкі, якія пярэчаць ягонаму характару. Ён і палітвязьняў выпускаў, і ў перамовах саступаў — то бок рабіў тое, чаго яму не хацелася, але да чаго вымушалі абставіны.

4. Можа скласьціся такая замежнапалітычная сытуацыя, калі Лукашэнка стане нявыгадны ўсім — і Захаду, і Расеі, калі ў яго не застанецца саюзьнікаў. Калі замежны ціск будзе даволі моцным, то і беларуская намэнклятура будзе гатовая яго здаць, як у свой час здала Кебіча.

5 Можа адбыцца сацыяльна-палітычны выбух. І не такія рэжымы падалі, ад СССР да арабскай вясны. Пры ўмовах рэзкага падзеньня ўзроўню дабрабыту няма ніякай гарантыі, што сілавыя структуры будуць на баку ўлады.

6. Можа адбыцца такая паступовая эвалюцыя і дэмакратызацыя цяперашняга палітычнага ладу, пры якой чапляцца да ўлады ўжо ня будзе вялікага сэнсу. Лукашэнка разумее, што лепш дапусьціць лёгкую дэмакратызацыю, чым закручваць гайкі да апошняй мяжы.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG