Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАЖ заклікае адміністрацыю Лукашэнкі заступіцца за журналістаў


Натальля Качанава

ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» зьвярнулася сёньня да кіраўніцы Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Натальлі Качанавай з заклікам паспрыяць спыненьню перасьледу журналістаў-фрылансэраў.

У сваім звароце журналісцкае аб’яднаньне зьвяртае ўвагу на неправамернасьць прыцягненьня журналістаў да адказнасьці паводле артыкулу 22.9 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях (парушэньне заканадаўства аб СМІ). Паводле БАЖ, сёлета журналістаў судзілі ажно 35 разоў паводле гэтага артыкулу.

«Зараз сытуацыя пагоршылася як ніколі: журналістаў зноў масава караюць штрафамі за сам факт выхаду падрыхтаваных імі матэрыялаў у замежных СМІ», — ідзецца ў звароце.

Журналістаў зноў масава караюць штрафамі за сам факт выхаду падрыхтаваных імі матэрыялаў у замежных СМІ

Арганізацыя нагадвае, што раней спрабавала вырашыць сытуацыю, зьвяртаючыся ў Вярхоўны Суд Беларусі, Міністэрства ўнутраных спраў, Генпракуратуру і Камітэт дзяржаўнай бясьпекі, аднак «ніводзін з вышэйпералічаных органаў не зрабіў ніякіх крокаў, якія вырашылі б праблему». Адзначаецца, што КДБ увогуле праігнараваў іх зварот.

Беларуская асацыяцыя журналістаў заклікала Качанаву садзейнічаць спыненьню неабгрунтаванага ўмяшаньня супрацоўнікаў унутраных спраў у рэалізацыю журналістамі права на свабоднае атрыманьне, захоўваньне i распаўсюд інфармацыі, свабоду выказваньня думак, перакананьняў, гарантаванае Канстытуцыяй.

Таксама ў звароце прагучала прапанова разгледзець праблемныя пытаньні падчас сустрэчы з удзелам прадстаўнікоў Адміністрацыі прэзыдэнта і журналісцкай супольнасьці.

Апроч гэтага, БАЖ зьвярнулася да спэцыяльнага дакладчыка ААН у пытаньнях прасоўваньня і абароны права на свабоду думак і выказваньняў Дэвіду Кае з просьбай паспрыяць спыненьню перасьледу.

На днях міжнародная арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» асудзіла перасьлед незалежных журналістаў у Беларусі. Каля 100 незалежных журналістаў і блогераў былі арыштаваныя падчас агульнанацыянальных антыўрадавых пратэстаў у сакавіку. Праваабаронцы адзначылі, што галоўнымі «ахвярамі перасьледаў» сёлета сталі журналісты «Белсат ТВ», супраць іх усяго было адкрыта ня менш за 26 спраў са штрафамі на суму больш як 10 тысяч эўра.

Беларусь займае 153-е месца з 180 краінаў у рэйтынгу свабоды прэсы 2017 году.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG