Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заплаціць за школьнае харчаваньне можна праз АРІП. За гатоўку таксама пакормяць


Ілюстрацыйнае фота

Зь 1-га верасьня бацькі школьнікаў маюць магчымасьць аплаціць харчаваньне дзіцяці па безнаяўным разьліку без усялякіх камісій — праз сыстэму АРІП ці «Карту навучэнца». Кожнаму вучню прысвойваецца ўліковы нумар, які захоўваецца за ім да моманту заканчэньня школы і больш нікому ніколі не перадаецца. Але ў школьным буфэце і сталоўцы можна будзе разьлічыцца і гатоўкай.

«Канчатковым атрымальнікам платы за абеды будзе камбінат школьнага харчаваньня. У верасьні будзе выкарыстоўвацца прынцып перадаплаты (для набыцьця неабходных прадуктаў). З кастрычніка аплата школьнага харчаваньня будзе праводзіцца па факце, пасьля заканчэньня разьліковага месяца.

Факт праверкі аплаты — анлайн, праз інтэрнэт-кабінэты клясных кіраўнікоў. Ніякіх чэкаў, якія пацьвярджаюць аплату, падаваць і захоўваць ня трэба», — цытуе БелТА старшыню праўленьня НКФА «АРІП» Алену Антані.

Ажыцьцяўляць любыя плацяжы праз АРІП можна з дапамогай мабільнага і інтэрнэт-банкінгу, у касах 23 банкаў, РУП «Белпошта», а таксама праз аплатныя тэрміналы і інфакіёскі. Праз АРІП можна заплаціць за падручнікі, харчаваньне, гурткі, спартыўныя сэкцыі, аздараўленчыя лягеры, а таксама апякунскія ўнёскі — трэба толькі ведаць асабісты ўліковы нумар школьніка.

«Гэта істотна разгрузіць клясных кіраўнікоў, бо звычайна грошы на абеды зьбіралі яны. Даводзілася кожны дзень разьлічвацца наяўнымі грашамі са сталоўкай, трэба было ўсё занатоўваць, бо колькасьць дзяцей кожны дзень розная, хтосьці адсутнічае, здавалі хто колькі можа. Я хадзіла з калькулятарам і сшыткам, які жартам называю „гросбухам“. Спадзяюся, што цяпер будзе значна больш проста і празрыста — клясныя кіраўнікі мецьмуць інтэрнэт-кабінэт, дзе ўсё можна праверыць», — кажа клясная кіраўніца 8-й клясы адной са сталічных гімназій Тацяна Міхайлаўна.

Яна запэўніла, што ў буфэтах можна будзе набыць булачку ці іншыя прысмакі і за гатоўку.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG