Нацыянальны гістарычны музэй Беларусі выставіў 3D-рэканструкцыі выгляду Крэўскага і Гальшанскага замкаў, перадае Onliner.by. Паглядзець на вынікі аўтарскага праекту Ахрэма Белабровіка можна ў акулярах віртуальнай рэальнасьці вытворчасьці Samsung.
Праект ня новы — сайт vkl3d.com з дэманстрацыямі рэканструкцыі працуе ад 2014 году (на момант публікацыі дасяжныя толькі старонкі пра Крэўскі замак).
Гэта не адзіная рэканструкцыя выгляду зруйнаваных беларускіх замкаў: так, у лютым літоўскія рэканструктары прадставілі ў Горадні карціны з аднаўленьнем выгляду шэрагу замкаў Вялікага Княства ў час іх пабудовы. Але раней рэканструкцыі беларускіх замкаў у спалучэньні з акулярамі віртуальнай рэальнасьці не выстаўляліся.
Аўтар праекту VKL3D сьцьвярджаў, што аднаўленьне замкаў, якія сёньня стаяць у руінах, адбывалася «пад пільным позіркам спэцыялістаў у архітэктуры, гісторыі і археалёгіі», а за аснову браліся ня толькі старажытныя графічныя выявы, але і тэксты, і зьвесткі з раскопак.
Тым часам рэальныя руіны Крэўскага замку і Гальшанскага замку літаральна рассыпаюцца, пра рэстаўрацыю гаворкі не вядзецца, хіба пра кансэрвацыю.