Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адукацыйная рэформа ў Польшчы — настаўнікі баяцца масавых звальненьняў


Пратэст супраць зьмены судовай сыстэмы ў Польшчы, Варшава, 23 ліпеня 2017

Польскі ўрад уводзіць адукацыйную рэформу, якая зьменіць асьветную сыстэму, што існавала ў краіне ад 1999 году.

1 верасьня ў Польшчы зьнікнуць гімназіі, і польскія вучні зноў стануць вучыцца ў 8-клясовых пачатковых школах. Настаўнікі баяцца масавых звальненьняў ў выніку рэарганізацыі асьветнай сыстэмы.

У ранейшай асьветнай сыстэме ў Польшчы навучаньне ў пачатковай школе трывала 6 гадоў, потым вучні ішлі ў 3-гадовую гімназію. Пасьля гімназіі вучобу можна было працягваць у 3-гадовым ліцэі або ў 4-гадовай сярэдняй спэцыяльнай школе, або ў 3-гадовай прафтэхвучэльні.

У новай сыстэме вяртаюцца 8-гадовая пачатковая школа ды 4-гадовы ліцэй, 5-гадовая сярэдняя спэцыяльная школа, 3- і 2-гадовыя прафтэхвучэльні, як гэта было за камуністычны часам і ў першым дзесяцігодзьдзі посткамуністычнай Польшчы.

Міністар адукацыі Анна Залеўска заявіла, што ў выніку рэформы ў сфэры асьветы ў бліжэйшыя два гады будуць створаны каля 10 тысяч новых месцаў працы.

Аднак настаўнікі ня вераць гэтым прагнозам. Славомір Броняж, старшыня Саюзу польскіх настаўнікаў, ацэньвае, што ў сувязі з рэформай адукацыі працу страцяць каля 10 тысяч настаўнікаў, а яшчэ 20 тысяч ня будуць мець поўнай нагрузкі ў школе.

Міністэрства адукацыі кажа, што адукацыйную рэформу падтрымлівае большасьць палякаў, але апытаньне, праведзенае нядаўна на замову газэты «Rzeczpospolita», не пацьвярджае такой упэўненасьці: 43% апытаных выступае супраць рэформы, 41% — за, а 16% ня мае акрэсьленай думкі наконт гэтага пытаньня.

Апанэнты адукацыйнай рэформы ў Польшчы сабралі больш за 900 тысяч подпісаў у падтрымку рэфэрэндуму па гэтым пытаньні, але Сэйм у мінулым месяцы не пагадзіўся на такі плебісцыт.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG