Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка папрасіў сырыйскіх дзяцей перадаць вітаньне Башару Асаду


Аляксандар Лукашэнка прапанаваў распрацаваць праграму адпачынку, аздараўленьня і вучобы дзяцей з Сырыі ў Беларусі. Пра гэта ён заявіў на сустрэчы з кіраўніцай Міністэрства сацыяльных пытаньняў і працы Сырыі Рымай аль-Кадэр.

«Я прапаную налета падумаць аб праграме падтрымкі дзетак з Сырыі ў Беларусі, — цытуе Лукашэнку БелТА. Можа, гэта будзе сотня, можа, пяцьсот чалавек, можа, тысяча. Галоўнае, каб мы загадзя сплянавалі і змаглі запрасіць вашых дзетак для адпачынку, аздараўленьня, а потым, магчыма, і для вучобы ў Беларусі».

На сустрэчы прысутнічалі сырыйскія дзеці, якія два тыдні адпачывалі ў Беларусі. Лукашэнка пацікавіўся, ці спадабалася ім у краіне.

«Хтосьці з вас сказаў, што ня хоча зь Беларусі зьяжджаць і марыць, каб пайшоў моцны сьнег і самалёт не ўзьляцеў. Нам сьнег зараз не патрэбен, але вы можаце заставацца ў Беларусі. Мы вас чакаем у любы час разам з вашымі сябрамі. Вы ім перадайце, што ў Беларусі іх заўсёды зь вялікай любоўю будуць прымаць», — запэўніў Лукашэнка.

Пры гэтым дадаў, што добра ведае прэзыдэнта Сырыі Башара Асада і папрасіў перадаць яму прывітаньне.

Рыма аль-Кадэр вітала ініцыятыву Аляксандра Лукашэнкі ў распрацоўцы праграмы адпачынку, аздараўленьня і вучобы сырыйскіх дзяцей у Беларусі.

«Вы практычна ўвасобілі зараз мары дзяцей. Мы вельмі любім вас у Сырыі, — падкрэсьліла яна. — Усе дзеці задаволеныя знаходжаньнем тут. І ўсе мараць вярнуцца ў гэтую выдатную краіну і знайсьці тут яшчэ і яшчэ сяброў».

Міністарка паабяцала, што асабіста будзе курыраваць складаньне праграмы, запэўніўшы, што Сырыя гатовая пераймаць станоўчы беларускі вопыт у арганізацыі дзіцячага вольнага часу і адпачынку.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG