Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньні паказваюць падзеньне папулярнасьці францускага прэзыдэнта Макрона


Большасьць францускіх выбаршчыкаў незадаволеныя дзейнасьцю прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона. Пра гэта сьведчаць апошнія апытаньні грамадзкай думкі.

Апытаньне для газэты Le Journal du Dimanche (JDD), дадзеныя якога былі апублікаваныя ў нядзелю, паказала, што рэйтынг незадаволенасьці Макронам вырас да 57%, у той час як у ліпені ён складаў 43%. У той жа час 40% апытаных задаволеныя дзейнасьцю прэзыдэнта-цэнтрыста, хаця гэта на 14 пунктаў менш у параўнаньні зь ліпенем.

Прадстаўнік францускага ўраду Крыстоф Кастанэр сказаў, што кіруючая партыя перажывае складаны час, але дадаў, што незадаволенасьцю некаторых людзей варта заплаціць, калі ўрад хоча правесьці рэформы. «Так, мы сутыкаемся зь цяжкасьцямі, але вы ня можаце проста марнаваць свой час на прагляд апытаньняў, калі знаходзіцеся ва ўрадзе. Мы тут, каб пераўтварыць краіну. Наша краіна мае патрэбу ў нас, каб ісьці на рызыку, і мы рызыкуем», — сказаў Кастанэр тэлеканалу BFM TV.

Макрон, які цяпер зьдзяйсьняе паездкі ў розныя эўрапейскія сталіцы, ад моманту абраньня пацярпеў шэраг няўдач, уключаючы жорсткія дэбаты ў парлямэнце з нагоды рэформы ў сфэры працы, супрацьстаяньне з вайскоўцамі і скарачэньне выплат на жытло.

Эманюэль Макрон перамог на выбарах прэзыдэнта Францыі чатыры месяцы таму.

XS
SM
MD
LG