Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лінгвісты будуць вывучаць мову Пуціна на канфэрэнцыі


Асаблівасьцям маўленьня прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна будзе прысьвечаная адна зь сэкцыяў на прызначанай на восень канфэрэнцыі лінгвістаў у амэрыканскім Чыкага.

Першапачаткова плянаваўся толькі адзін даклад на гэтую тэму, але высьветлілася, што яна выклікае жывую цікавасьць. Ад часоў славутага «мачыць у сарціры», яшчэ ў часы свайго першага прэмʼерства, цяперашні кіраўнік расейскай дзяржавы ня раз ставіў перакладчыкаў у цяжкае становішча, ужываючы ў сваёй прамове блатны жаргон (усе тыя ж «мачыць у сарціры», слэнг спэцслужбаў («шыла ў сьценку і на бакавую», выраз, які азначае «закрыць справу»), вульгарызмы («жаваць соплі») і гэтак далей.

Але дасьледнікі не абмяжоўваюцца разборам сэнсу ўжытых Пуціным ідыяматычных выразаў. Дасьледнікі адзначаюць, як зьмяняецца стылістыка яго выказваньняў нават падчас аднаго мерапрыемства — узяць, да прыкладу, яго размову падчас так званых наўпроставых лініяў, калі Пуціну даводзіцца зьвяртацца да розных сацыяльных груп. У інтэрвію карэспандэнту «Голасу Амэрыкі» Ксеніі Турковай прафэсар Унівэрсытэту Флёрыды, аўтар кніг пра навамоўе савецкай эпохі і палітычную мову сучаснай Расеі Майкл Горэм адзначыў: «Калі паглядзець штогадовую прамую лінію з Пуціным, можна ўбачыць усе яго „асобы“: гэта профіль тэхнакрата, профіль дзелавога чалавека, профіль сілавіка, профіль мужыка і, нарэшце, профіль патрыёта. Самы галоўны па частотнасьці, калі можна так сказаць, — профіль тэхнакрата. Пуцін добра валодае бюракратычнай мовай». Інтанацыйныя адценьні яго прамовы — таксама прадмет пільнай увагі дасьледчыкаў. Нават зьмены ў пяціхвілінных навагодніх зваротах могуць шмат сказаць пра Пуціна, лічаць лінгвісты.

бмеркаваць асаблівасьці гаворкі Пуціна на канфэрэнцыі ў Чыкага прапанавала прафэсар Джорджтаўнскага ўнівэрсытэту Алена Будоўская.

— У лінгвістыцы ёсьць цэлы кірунак вывучэньня дыскурсу. І ён разглядае, як чалавек сябе падае, выбудоўвае сваю ідэнтычнасьць, як ён разумее сябе і навакольны сьвет, — кажа яна.

— Калі зьмены адбываюцца ня ў псыхіцы аднаго чалавека, а ў псыхіцы вялікай краіны, калі людзі з навязаным разуменьнем рэчаіснасьці падтрымліваюць адзін аднаго... Гэта цэлая асобная песьня, што робіць тэлевізар зь людзьмі, як ён зьмяняе іх успрыманьне, мы ўсе бачым. Нешта з гэтага запускаецца асабіста Пуціным. Пасылы, выказаныя ў нейкіх яго выступах, напрыклад, у навагодніх, на прамой лініі, даюць людзям зразумець, што так можна, што гэта ў полі дазволенага. Яны пачынаюць гэта паўтараць. Яны пачынаюць гэта абмяркоўваць. І тое ж самае, калі лідэр дзяржавы пачынае тлумачыцца на блатной мове, гэта сыгнал насельніцтву. У 1990-х, калі хлынула блатная культура, калі гэта стала «крута» і выдатна, усё роўна неяк гэта, прынамсі сярод інтэлігенцыі, успрымалася як мовэтон. А тут, калі «мачыць у сарціры» кажа кіраўнік дзяржавы, і потым гэта пачынае распаўсюджвацца, і пачынае распаўсюджвацца гэты стыль і гэтая блатная інтанацыя, па інтанацыі, па вымаўленьні ўжо не адрозьніць крымінальніка ад высокага чыноўніка... Зь іншага боку, Пуцін адчувае некаторыя моўныя працэсы, якія адбываюцца ў грамадзтве. І вось гэты культ блатнога, культ сілы, культ беззаконьня вельмі ўдала паварочвае сабе на карысьць. І потым гэта зь яго падачы пачынае разыходзіцца далей і далей. Фарміруецца новая культура.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG