Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асамблея патрыятычных сілаў папрасіла кіраўнікоў ЗША і ЭЗ падтрымаць «Белсат» і «Свабоду»


Асамблея патрыятычных сілаў Беларусі просіць прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, дзяржаўнага сакратара ЗША Рэкса Тылерсана і кіраўніка Эўрапейскай камісіі ЭЗ Жан-Клёда Юнкера падтрымаць тэлеканал «Белсат» і «Радыё Свабода». Пра гэта гаворыцца ў звароце ўдзельнікаў асамблеі, якая адбылася 26 жніўня ў Менску, паведамляе агенцтва Белапан.

У звароце адзначаецца, што грамадзтва Беларусі цяпер перажывае «трывожныя часы» ў сувязі з заплянаванымі беларуска-расейскімі вучэньнямі «Захад −2017» на тэрыторыі Беларусі. «Наш аналіз становішча паказвае, што з боку Масквы рыхтуюцца дзеяньні, якія могуць пагражаць сувэрэнітэту Беларусі і суседніх краінаў ЭЗ», — гаворыцца ў дакумэнце.

Агрэсіўная палітыка Пуціна супраць Украіны і іншых суседзяў Расеі, адзначаецца ў звароце, суправаджаецца «маштабнай інфармацыйнай вайной супраць Захаду і краінаў Усходняй Эўропы», а «пуцінскай антызаходняй прапагандай праз радыё і тэлебачаньне бесьперашкодна пакрытая амаль уся Беларусь».

У звароце гаворыцца пра складанае становішча тэлеканалу «Белсат». У прыватнасьці адзначаецца верагоднае скарачэньне яго фінансаваньня, што на думку ўдзельнікаў асамблеі «будзе азначаць закрыцьцё беларускага вольнага тэлебачаньня якраз у вельмі крытычны час, калі праўдзівая інфармацыя ў Беларусі патрэбная як паветра». Таксама гаворыцца аб спыненьні кароткахвалёвага вяшчаньня «Радыё Свабода», «што пакінула тысячы людзей у беларускай правінцыі без праўдзівай крыніцы інфармацыі».

Удзельнікі асамблеі зьвяртаюцца асабіста да Трампа, Тылерсана і Юнкера «з надзеяй на падтрымку фінансаваньня вольнага беларускага тэлебачаньня «Белсат» і на вяртаньне радыёвяшчаньня беларускай рэдакцыі «Радыё Свабода» ў кароткахвалёвым дыяпазоне трансьляцыі.

Акрамя таго ўдзельнікі асамблеі віталі актыўную ролю Амэрыкі ў нераспаўсюджаньні ядзернай зброі. «Беларусь добраахвотна адмовілася ад ядзернай зброі, што было зафіксавана ў Будапэшцкім мэмарандуме 1994 году. Злучаныя Штаты ў адпаведнасьці з мэмарандумам засьведчылі сябе гарантам сувэрэнітэту Беларусі, калі паўстане пагроза яе незалежнасьці. Гэтая пагроза цяпер надыходзіць. Мы спадзяемся, што моцны голас Амэрыкі прагучыць, і гэта зробіць уплыў на стрымліваньне агрэсіі і пагрозаў для сьвету ва Ўсходняй Эўропе », - гаворыцца ў звароце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG